Прывілеі ўкраінскіх алігархаў



Каронавірусныя забойствы ў Кеніі, прывілеі ўкраінскіх алігархаў. На што звяртае сваю ўвагу ўкраінская прэса ў гэтую пятніцу? Пра гэта даведаемся з агляду сусветнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча.

Падчас каранцінных абмежаванняў, закрыцця аэрапортаў і практычна закрытага неба для большасці ўкраінцаў некаторыя ўкраінскія алігархі і ўплывовыя палітыкі працягвалі лётаць на прыватных самалётах і чартарах як па Украіне, так і за яе межы. Для гэтага яны звярталіся па дазволы і атрымлівалі іх ад некалькіх дзяржаўных органаў — у прыватнасці, ад Дзяржаўнай авіяцыйнай службы, а таксама ад Службы бяспекі Украіны. Сярод тых, для каго аэрапорты працавалі, журналісты зафіксавалі дэпутатаў і алігархаў Віктара Мядзведчука і Вадзіма Навінскага, Валерыя Харашкоўскага, Аляксандра Яраслаўскага, бізнес-партнёраў Ігара Каламойскага і Генадзя Багалюбава. Адкрытае неба для „абраных” знаходзіцца ў расследаванні журналістаў праграмы „Схемы”, апублікаваным сёння. Так, 5 чэрвеня журналісты зафіксавалі, як беспартыйны дэпутат Вадзім Навінскі прыбыў у аэрапорт Барыспаль з Вільні. Самалёт вылецеў ва Украіну з Санкт-Пецярбурга, здзейсніўшы прамежкавую пасадку ў літоўскай сталіцы. Раней, 15 красавіка, дэпутат паведаміў, што яму паставілі дыягназ каронавірус. 4 траўня ён абвясціў, што вылечыў пасля атрымання адмоўнага выніку. Ужо праз 11 дзён пасля прыезду з краіны, якая знаходзілася ў «чырвонай зоне» з нагоды каронавірусных захворванняў, Навінскі, не праходзячы двухтыднёвага назірання, прысутнічаў на пасяджэнні Вярхоўнай Рады. Лётаў у гэты час у Вялікабрытанію мільянер Валер Харашкоўскі, стары знаёмы прэзідэнта Украіны Зяленскага. Пры гэтым ён таксама хварэў на каронавірус, ляжаў у французскім шпіталі, але гэта не перашкодзіла яму вярнуцца ва Украіну раней за патрэбны тэрмін.

На мінулым тыдні адбылася прэзентацыя ўнікальнага ў сваім родзе комплекснага даследавання рынку працы Малдовы за апошняе дзесяцігоддзе. Праводзілася яно Агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва Нямеччыны. Заказчыкаў у асобе міністэрстваў эканомікі і сацыяльнай сферы Малдовы цікавіла, ці можна збалансаваць попыт і прапанову сваімі сіламі, не звяртаючыся да дапамогі замежнай працоўнай сілы, ці ёсць ўнутраныя рэзервы, піша анлайн-газета Point.md. Вядома, масавая міграцыя і адмоўны натуральны прырост робяць сваю чорную справу — агульная колькасць насельніцтва Малдовы ў апошняе дзесяцігоддзе скарацілася прыкладна на чвэрць (да 2,7 млн чалавек). Катастрафічныя лібы! Але і попыт на працоўную сілу стала зніжаўся, змяняючы сваю траекторыю. Адпаведна працэнт занятага ў эканоміцы насельніцтва (з улікам нефармальнай занятасці) скаціўся за два дзесяцігоддзі да ўзроўню 40%, без якіх-небудзь бачных паляпшэнняў у гэтых адносінах. Узровень беспрацоўя ўсё роўна застаўся нізкім. Застаецца і цяпер, нягледзячы на павелічэнне колькасці беспрацоўных, якія рэгіструюцца (а гэта каля 4%). «Выбаўляюць» малдаван з праблем іншыя эканомікі, іншымі словамі  праца за мяжой. Хоць узровень рэальнага беспрацоўя з масавым вяртаннем на радзіму працоўных мігрантаў і ўплывам пандэміі можа істотна падрасці.

Паліцыя Кеніі забіла трох чалавек, калі натоўп матацыклістаў пратэставаў супраць арышту калегі за ігнараванне абмежаванняў на каронавірус. Паліцыя страляла па натоўпе ў заходнім горадзе Лесас пасля сутычак, гаворыцца ў заяве паліцыі. Як паведамляецца, мужчына паспрабаваў умяшацца, калі міліцыянты пераследавалі кіроўцу таксі за паездку без маскі, піша газета Standard. Ёсць звесткі, што паліцыі не спадабаўся хабар у 50 кенійскіх шылінгаў (гэта паўдаляра). У выніку 40-гадовы Лазар Ціроп быў застрэлены. Натоўп пачаў пратэставаць супраць такога абыходжання.

Сотні вяскоўцаў рушылі да паліцэйскага ўчастку, адна група падпаліла дом паліцыянта, паведамляе Daily Nation. Неўзабаве двое маніфестантаў былі застрэленыя паліцыяй. Раней, у аўторак аднаго з міліцыянтаў абвінавацілі ў забойстве 13-гадовага Ясіна Моэ, які быў застрэлены яшчэ ў сакавіку. Тады ён стаяў на гаўбцы, назіраючы, як паліцыя сочыць за выкананнем каменданцкай гадзіны, уведзенай у сувязі з каронавірусам.У пачатку чэрвеня, у той час як людзі па ўсім свеце пратэставалі супраць забойства Джорджа Флойда ў ЗША, кенійцы таксама пратэставалі супраць жорсткасці паліцыі ў сваёй краіне, носячы пустыя труны па вуліцах сталіцы Найробі.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Фота aviav.ru

Фота Reuters