Перыяд тэрміновай ваеннай службы ўключаць у страхавы працоўны стаж



Аляксандр Лукашэнка ухваліў пакет матывацыйных мер па павышэнні статусу вайскоўцаў тэрміновай ваеннай службы, прапрацаваны ўрадам паводле прапановы Міністэрства абароны, паведамляе прэс-служба ваеннага ведамства.

„Кіраўнік дзяржавы даў адпаведныя даручэнні падрыхтаваць праекты прававых актаў па рэалізацыі прапаноў, — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны. — Частка з іх будзе ўнесеная ўжо да 1 снежня, у тым ліку ўключэнне тэрміну тэрміновай ваеннай службы ў страхавы працоўны стаж”.

„Паралельна прапрацоўваюцца яшчэ шэраг мер, якія прадугледжваюць ільготы вайскоўцам тэрміновай службы ў сферах адукацыі, аховы здароўя, а таксама жыллёвага забеспячэння”, — адзначылі ў ваенным ведамстве.

Раней у Мінабароны паведамілі, што ініцыяваныя міністэрствам папраўкі ў Працоўны кодэкс аб прэферэнцыях для грамадзян, якія прайшлі тэрміновую службу ў войску, набудуць моц 28 студзеня 2020 года. Так, згодна з новай рэдакцыяй „пасля службы ў войску за грамадзянінам на працягу трох месяцаў захоўваецца працоўнае месца або даецца раўнацэнная пасада незалежна ад формы ўласнасці наймальніка”, раней гэта тычылася „толькі дзяржаўных устаноў”.

Акрамя таго, з 1 студзеня наступнага года ўвойдуць у сілу змены ў Жыллёвы кодэкс, „што замацоўваюць за грамадзянамі, якія адслужылі ў войску, першачарговае права на інтэрнат”. „Гэта закране навучэнцаў і студэнтаў. Для першачарговага атрымання інтэрната ім спатрэбіцца рэкамендацыя на навучанне з вайсковай часці”,— растлумачылі ў міністэрстве.

На сайце Мінабароны апублікаваная табліца з поўным пералікам дзейных і запланаваных прэферэнцый у сацыяльнай сферы і сферы адукацыі, якія дае служба ў войску.

Так, грамадзяне, якія адслужылі ў арміі, ужо могуць прэтэндаваць на паступленне па-за конкурсам у ваенную ВНУ, вайскоўцы роты ганаровай варты маюць права паступаць па-за конкурсам ва ўсе ВНУ. Перыяд ваеннай службы па прызыве паводле жадання выпускніка можа быць залічаны ў тэрмін абавязковай працы па размеркаванні.

На час праходжання службы грамадзяніну належыць абавязковае дзяржаўнае страхаванне. На перыяд службы можа быць дадзеная адтэрміноўка пагашэння крэдыту на будаўніцтва жылля. Пры вяртаннi на старое месца працы пасля тэрміновай службы грамадзянін мае права на выплату матэрыяльнай дапамогі. Жонкі прызваных на службу грамадзян маюць права на працаўладкаванне не пазней за два месяцы з дня звароту. Дзецям ваеннаслужачых гарантаванае месца ў дзіцячым садзе на працягу трох месяцаў з дня падачы заявы.

Зараз прапрацоўваюцца пытанні давання грамадзянам, якія адслужылі ў арміі, права на бясплатнае навучанне на падрыхтоўчых курсах у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, выбар месца размеркавання пасля навучання, а таксама давання ім перавагі пры залічэнні ў ВНУ і ССНУ пры роўных балах.

Чакаецца таксама, што ў перспектыве перыяд тэрміновай ваеннай службы будзе залічвацца ў стаж дзяржаўнай службы. Акрамя таго, прапрацоўваецца пытанне захавання за членамі сям’і вайскоўца права карыстання жыллём у інтэрнаце, выдзеленым да прызыву.

belapan.by