Прызначана дата суда над палітзняволенай Вольгай Залатар
Прызначана дата суда над палітзняволенай Вольгай Залатар. Справу шматдзетнай маці 15 лістапада ў Менскім гарадскім судзе пачне разглядаць суддзя Анастасія Папко, – паведамляе “Вясна”.

Вольгу Залатар будуць судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: стварэнне экстрэмісцкага фармавання і арганізацыя і навучанне дзеянням, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Залатар 37 гадоў. Яна маці 5 дзяцей, актывістка і валанцёрка са Ждановічаў, каталіцкая верніца, была незалежнай назіральніцай на апошніх выбарах. Яе затрымалі 18 сакавіка. Паводле міліцыі, яна “ладзіла пратэставыя акцыі ў пасёлку: чаяванні, прагулкі, канцэрты, была адміністратаркай дваровага чату”.
Беларускае Радыё Рацыя
