Прызначаны новы галоўны ідэолаг



Былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Ён будзе курыраваць пытанні ідэалогіі і працу СМІ, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Прызначаючы Кунцэвіча, Аляксандр Лукашэнка акрэсліў задачы, якія стаяць сёння перад ідэалагічнай вертыкаллю. „Павінен сказаць, што — з карабля на баль. Часу для разварушвання няма. Таму што перадвыбарная кампанія — гэта і вялікая ідэалагічная праца. А вам давядзецца займацца перш за ўсё комплексам ідэалагічнай працы, пачынаючы ад журналістыкі і заканчваючы, проста скажу, лекцыямі ў ВНУ”, — сказаў ён.

„Гэта самае слабае месца нашых дзяржаўных служачых — сустракацца з моладдзю, расказваць ім пра тую палітыку, якая праводзіцца ў дзяржаве. Таму што наша моладзь, у інтэрнэце якая сядзіць, не заўсёды прачытае аб гэтай палітыцы. А калі і прачытае, то часта ўсё навыварат перавернутае”, — лічыць Лукашэнка.

„Інтэрнэт — гэта таксама будзе сфера ў нейкай ступені вашай адказнасці. І не з пункта гледжання ўсё закрыць і забараніць, а — выкласці пазіцыю ўлады, пазіцыю прэзідэнта. Пакуль больш за ўсё гэтым займаецца прэзідэнт. Ён і будзе займацца гэтымі пытаннямі, але і пэўныя службовыя асобы, у тым ліку вы, а таксама кіраўнік адміністрацыі. Перш за ўсё вы ўдваіх павінны будзеце гэтым займацца — працаваць з людзьмі”, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да новага намесніка сваёй адміністрацыі.

„Мяне пераконваюць у тым, што вы здолееце. Прафесія ваша — журналістыка — гэтаму спрыяе. Калі вы да гэтага часу прафесійна гэтым займаліся, значыць, у вас павінна атрымацца”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён сказаў, што ў свой час займаўся пытаннямі ідэалогіі, — яшчэ з юнацкіх часоў, са студэнцкай лавы. „Я ведаю, наколькі гэта складаная і шматпланавая, цяжкая праца. І я часта кажу, што сапраўднымі ўладарамі чалавечых душ і сэрцаў не становяцца — імі нараджаюцца. Таму калі ў вас ёсць гэтыя задаткі, якія можна, вядома, у жыцці з часам развіваць, вы справіцеся з гэтай працай”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Кунцэвічу давядзецца шмат чым займацца як самастойна, так і разам з кіраўніком адміністрацыі Наталляй Качанавай. Звяртаючыся да апошняй, Лукашэнка падкрэсліў, што ў яе няма права на памылку ў гэтай кадравай прапанове. „Гэта занадта дорага — памыляцца на сваіх намесніках, намесніках кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта”, — сказаў ён.

„Я ўбаку не буду, але праца складаная, — дадаў Лукашэнка. — І вы павінны адчуваць тыя месцы, дзе мы недапрацоўваем. Я ўжо назваў адзін з такіх кірункаў — праца ў інтэрнэце. Але іх нямала”.

Кіраўнік дзяржавы параіў Кунцэвічу: перш чым ісці і гаварыць з людзьмі на якую-небудзь тэму і даваць інструкцыі, спачатку старанна самому разабрацца ў пытанні.

„Часта, асабліва калі чалавек новы прыходзіць, ён пачынае семінары праводзіць, інструктаваць кагосьці. А тыя, хто прыехаў на семінар або канферэнцыю, сядзяць і думаюць: ну што ты мне расказваеш, сам гэтага нічога не разумееш. Таму вам трэба вельмі акуратна падыходзіць да такіх рэчаў. Трэба спачатку паглыбіцца, разабрацца. У іншым выпадку вы будзеце паўтараць памылкі папярэдніх начальнікаў, якія займаліся не толькі ідэалагічнымі пытаннямі, але іншымі”, — сказаў ён.

„Калі прызначаны на вялікую пасаду, ты не павінен думаць, што ўжо бога за бараду ўзяў і можаш сёння ісці вяшчаць, а людзі, якія сядзяць перад табой, слухаюць, разумеюць і абавязкова павінны рабіць так, як ты хочаш сказаць. Вось ад гэтых памылак трэба абавязкова адыходзіць”, — заявіў Лукашэнка.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, ён адзначыў шэраг пераваг Андрэя Кунцэвіча, „які працаваў з людзьмі на нізавым узроўні, добра ведае запыты грамадства і грамадзян, акрамя таго, працуючы намеснікам кіраўніка рэгіёна, валодае галоўнымі пытаннямі”.

Лукашэнка даручыў новаму намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта „забяспечыць ідэалогію” парламенцкіх выбараў, які пройдуць у лістападзе гэтага года. „Не ўмешваючыся ў кампетэнцыю Цэнтральнай выбарчай камісіі і іншых органаў улады, вы павінны займацца сваёй справай. Адміністрацыі прэзідэнта даручана дапамагчы ЦВК (там усяго некалькі чалавек) правесці гэтую электаральную кампанію. Вы сябе павінны там знайсці, забяспечыць ідэалогію гэтай кампаніі”, — сказаў ён.

„Асноўныя напрамкі мною вызначаныя, іх трэба рэалізаваць. І так па ўсіх пытаннях, аж да ўборачнай кампаніі. Калісьці гэта абкамы партыі і ЦК наўпрост вызначалі як ідэалагічнае забеспячэнне ўборачнай кампаніі. Мы так сёння не гаворым. Тым не менш ва ўборачнай кампаніі месца адміністрацыі прэзідэнта павінна быць. Па ўсіх пытаннях. Я гэта адкрыта кажу, не хаваючы, таму што вельмі вялікую ўвагу лічу патрэбным надаваць працы з людзьмі. Яе па-рознаму можна зваць. Я называю па-старому — ідэалагічная праца. Праўда, гэты ўжо тэрмін пачалі вымаўляць усюды. Нават тыя, якія раней мяне крытыкавалі не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі”, — заўважыў Лукашэнка.

Ён пажадаў Кунцэвічу, каб той, прыйшоўшы з рэгіёна, „знайшоў у сабе неабходныя рысы характару і паставіў сябе так, каб як цэнтральныя органы ўлады, так і жыхары сталіцы яго прынялі, успрынялі і паважалі”.

40-гадовы Кунцэвіч мае профільную адукацыю — ён скончыў БДУ па спецыяльнасці „журналістыка” і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці „дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія”. Працаваў рэдактарам у бялыніцкай газеце „Зара над Друццю”, намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама, начальнікам упраўлення ідэалагічнай працы Магілёўскага аблвыканкама, першым намеснікам начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама, начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. У студзені 2017 года быў прызначаны намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Папярэднік Кунцэвіча Уладзімір Жаўняк, які мае ваенную адукацыю, прапрацаваў на гэтай пасадзе менш за паўтара года (з красавіка 2018-га). Перад ім ставілася задача „асучасніць сістэму ідэалагічнай працы ў краіне”.

БелаПАН

Фота: mogilevnews.by