Прызначаны суд над журналісткай tut.by Барысевіч і медыкам Сарокіным
Прызначаны суд над журналісткай tut.by Кацярынай Барысевіч і медыкам Арцёмам Сарокіным. Іх абвінавачваюць нібыта ў разгалошванні медычнай таямніцы, пацягнуўшай цяжкія наступствы (частка 3 артыкулу 178 крымінальнага кодэксу).
Па словах адваката Кацярыны Барысевіч Андрэя Мачалава, суд над яго падабароннай і Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага ў Менску. А пакуль яны знаходзяцца ў следчым ізалятары №1 у Менску.
– З Кацяй усё добра. Яна адчувае сябе добра. Пасміхаецца, усім перадае прывітанні. Кажа, каб не хваляваліся. Яна вельмі пазітыўная. Яна цалкам не прызнае віну. Працэс пачнецца ў наступную пятніцу – 19 лютага ў Доме правасуддзя. Весці будзе суддзя Маскоўскага раёна, але ў Доме правасуддзя на вуліцы Сямашкі.
Крымінальная справа была заведзена пасля артыкулу Кацярыны Барысевіч, прысвечанаму забойству мастака Рамана Бандарэнкі. Ён быў моцна збіты на плошчы Пераменаў у Менску і памёр у бальніцы. Прадстаўнікі Следчага камітэту, а таксама кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявілі пасля злачынства, што ў крыві Рамана Бандарэнкі нібыта быў алкаголь. Аднак у артыкуле Кацярыны Барысевіч, са спасылкай на доктара Арцёма Сарокіна, гэта абвяргалася.
У інтэрнэце неўзабаве з’явіліся сцвярджэнні, падмацаваныя перахопленымі перамовамі па мабільных тэлефонах, што да забойства Рамана Бандарэнкі быццам датычны людзі з блізкага атачэння Лукашэнкі. Але ніхто з удзельнікаў забойства так і не затрыманы.
Беларускае Радыё Рацыя