Прызначылі дату суда над прадпрымальнікам з Ваўкавыску Мікалаем Аўтуховічам



Прызначылі дату суда над прадпрымальнікам з Ваўкавыску Мікалаем Аўтуховічам, якога абвінавачваюць у тэрарызме.

Мікалая Аўтуховіча і шэраг іншых людзей затрымалі 1 снежня 2020 году. Улады абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці і падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 снежня. Паводле іх, за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гародні стаіць групоўка, якою кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Усяго ў «справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек. Адзін з іх — Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць. Яго ўжо асудзілі па артыкуле аб гвалце альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Да гэтага затрымання Мікалай Аўтуховіч агулам адбыў у зняволенні рэкордны для беларускіх палітвязняў тэрмін — 7 гадоў і 5 месяцаў.