Прызнаныя экстрэмісцкімі чатыры рэгіянальныя тэлеграм-каналы і чаты
Чатыры рэгіянальныя тэлеграм-каналы і чаты — „Магілёў 97%”, „Бабруйск 97%”, „Асіповічы для жыцця” і „Бульвар Няскораных” — прызнаныя экстрэмісцкімі. Такое рашэнне 30 сакавіка прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва, паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.
У названых групах, напісала яна ў афіцыйным тэлеграм-канале, „сістэматычна размяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама абразы прадстаўнікоў праваахоўных органаў і дзяржслужачых”.
„Для дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі і змены канстытуцыйнага ладу ўдзельнікі чатаў рэгулярна заклікалі да масавых беспарадкаў, вулічных пратэстаў, хуліганства, радыкалізацыі, вандалізму, супраціву міліцыянерам, блакавання руху на аўтамабільных дарогах і чыгунках”, — адзначыла Чамаданава.
Прадстаўнік МУС падкрэсліла, што цяпер за публікацыю або рэпост інфармацыі з гэтых інтэрнэт-рэсурсаў „прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць і пакаранне аж да арышту”.
Раней паведамлялася, што экстрэмісцкімі прызнаныя рэгіянальныя тэлеграм-каналы і чаты „Віцебск 97%”, „Чат неверагоднага Віцебска”, „Мазыр 97%”, „Гомель Савецкі 97”, „Кіроўцы 97”, „Рэчыца для Жыцця ЧАТ”, „Брэст : Чуткі і факты”, „Брэст 97%” і інш.
