Птушкай 2020 года Беларусі выбралі глушца



Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) птушкай 2020 года аб’явіла глушца. Пра гэта «Мінск-Навінам» паведамілі ў АПБ. Глушэц зменіць птушынага сімвала цяперашняга года – вялікага падворліка.

– У нас глушэц – рэдкі від, – адзначыў спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. – Галоўныя пагрозы для яго – знікненне месцаў пражывання з-за высечкі лесу, здабыча жывіцы на таках і каля іх, неспакой у гнездавы перыяд, паляванне на самцоў на невялікіх такавішчах, прэсінг з боку драпежнікаў і канкурэнцыя капытных жывёл.

Як распавялі арнітолагі, глушэц – від з атрада курападобных. Самец мае памеры хатняга індыка, ад самак адрозніваецца бліскучай чорна-зялёнай расфарбоўкай. Самка меншая і афарбаваная пад колер лісця і зямлі. Гэта трэба ёй для маскіроўкі падчас выседжвання птушанят.

Глушэц – патрыёт, амаль усё жыццё можа правесці ў адным лесе. Гняздуецца ў іглічных лясах паблізу балот. Увесну і ўлетку есць парасткі, кветкі, лісце, лясныя ягады, насенне і насякомых. Увосень корміцца ​​лісцем асін, ягадамі журавін, зімой – хваёвай ігліцай. Птушанятам патрэбен бялок, таму бацькі іх кормяць у асноўным казуркамі і павукамі.

Глушцы па тэрыторыі нашай краіны распаўсюджаны нераўнамерна. Часцей сустракаюцца ў паўночных раёнах і на ўсходзе. У сувязі са змяненнем клімату паступова ў Беларусі знікаюць.

zviazda.by