Птушкі пачалі адлятаць у вырай



Некаторыя віды птушак з Беларусі ўжо адлятаюць у вырай. Нягледзячы на лета, насуперак агульнаму побытаваму меркаванню, што пералётныя птушкі ў вырай адлятаюць бліжэй да восені.

Міграцыя птушак звязана не толькі з гэтым, як заўважыў гарадзенскі арнітолаг Зміцер Вінчэўскі: 

– З нашых птушак, якія гнездавалі ў нас, пачынаюць адлятаць свіргулі. Я думаю, што вось у бліжэйшыя дні адляцяць апошнія. Тыя птушкі, якія і прылятаюць аднымі з апошніх. Ну і, вядома, звычайныя зязюлі, якія ў нас праводзяць толькі прыкладна два месяцы. Дарослыя птушкі падкінулі яйкі і адляцелі ўжо прыкладна ў палове ліпеня назад у Афрыку.

Кожны год прыносіць цікавыя вынікі ў назіранні за птушкамі сябрам арніталагічнай супольнасці Беларусі. Сёлета ў Беларусі было зафіксавана некалькі экзатычных для нашых шыротаў пералётных птушак, з’яўленне якіх тут пакуль цяжка патлумачыць. Кажа Зміцер Вінчэўскі:

– Былі вельмі цікавыя назіранні на Гарадзеншчыне, і не толькі на Гарадзеншчыне. У пачатку чэрвеня мы адзначылі дарослага самца звычайнай гагі. Гэта ў асноўным паўночны від качак. Што ён тут рабіў у нас на разлівах Нёману, сказаць цяжка. І прыкладна месяц таму мы з калегамі адзначылі кароткахвостага паморніка недалёка ад Луцкаўлян на мясцовым вадасховішчы. Птушка таксама паўночная. Для ўсёй Беларусі гэта была за 150 гадоў назіранняў толькі шостая рэгістрацыя віда ў нашай краіне.

У гэтыя дні жыхары Беларусі могуць таксама заўважыць міграцыі арктычных птушак, якія ляцяць у вырай на зімоўку.  Гэта кулікі розных відаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня