“Птушкі Штодня” запрашаюць на анлайн-трансляцыі



Гарадзенскія і берасцейскія арнітолагі запрашаюць усіх жадаючых на анлайн-назіранне за птушкамі.

Пра незвычайную акцыю распавядае рэдактар сайту “Птушкі Штодня” арнітолаг Зміцер Вінчэўскі:

– Трэці год запар мы з дапамогай нашых сябраў АПБ ў Берасці ладзім такую ўнікальную для нашай краіны трансляцыю, якую можна глядзець цягам усёй зімы за тым, як жывуць, як спраўляюцца з зімой нашыя птушкі. Анлайн-сталоўка знаходзіцца на ўскрайку Белавежскай пушчы, у маленькай белавежскай вёсачцы Вугляны. І да канца зімы мы спадзяемся, што некалькі тысяч людзей не толькі з Беларусі, але і з розных краін свету, як гэта было і раней, паглядзяць, як адбываецца зімовае жыццё дзікіх птушак.

На думку арнітолага, у зімовы час можна пабачыць розных птушак, сярод якіх ёсць і такія, якія занесены ў Чырвоную Кнігу:

– Ну, цяпер найбольш частыя госці – гэта вялікія сініцы, зелянушкі, палявыя вераб’і. Але з-а таго, што сталоўка знаходзіцца на беразе рэчкі, якая называецца Лясная, там праплываюць лебядзі-шыпуны, ёсць шэрыя чаплі, сарокі, зімародак прылятае. Таму запрашаем далучацца і глядзець.

Падтрымаць анлайн-трансляцыю назірання за птушкамі “рублём” магчыма на адмысловай краўдфандынгавай пляцоўцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота birdwatch.by