Пункты вакцынацыі супраць COVID-19 будуць арганізаваныя ў 11 бальніцах Менска
На базе адзінаццаці бальніц Менска з 14 чэрвеня будзе арганізаваная праца пунктаў вакцынацыі супраць інфекцыі COVID-19, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Прышчапіцца ад каронавіруса можна ў пунктах вакцынацыі, арганізаваных у бальніцах №№ 1, 2, 3, 4, 5, 6, 8, 10, 11, а таксама ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.
Прывівачныя пункты створаныя ў адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя № 412 „Аб правядзенні вакцынацыі супраць COVID-19”. Яны аснашчаныя неабходным абсталяваннем, у тым ліку для выканання патрабаванняў „халадовага ланцуга”, адзначылі ў міністэрстве.
У пунктах змогуць атрымаць прышчэпку ўсе ахвотныя, паказаўшы дакумент, які сведчыць асобу.
Падрабязная інфармацыя пра пункты вакцынацыі будзе размешчаная ў агульнадаступных месцах і на сайтах устаноў.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на сёння ў краіне першую дозу вакцыны супраць COVID-19 атрымалі больш як 671,4 тыс. чалавек, прайшлі поўны курс вакцынацыі больш як 372,4 тыс. чалавек.