Пякучы жэньшэневы рай Ірыны Віяленцій



У канцы мінулага і на пачатку гэтага стагоддзя яе імя грымела далёка за межамі Беларусі. Разам з імем мужа – выдатнага навукоўца-біёлага Георгія Віяленція. 20 год з дня смерці апошняга споўнілася днямі. У 1985 годзе яму ўдалося прыжыць на беларускай глебе знойдзеныя у вандроўках па аблогах Сіхотэ-Аліня карані жэньшэня – цудадзейнага, паводле адмыслоўцаў, па лекавых якасцях. Дарэчы, і там адна расліна сустракаецца на 1000 га лесу. У нас жа жэньшэневая плантацыя дасягнула 6 га і была прызнаная Еўразвязам буйнейшай у свеце. За што сямейства Віяленцій атрымала прэмію Генры Форда “FORD UNION” – “За захаванне ўнікальных плантацый”. Дырэктар знакамітай Далёкаўсходняй вопытнай станцыі Зража, кітайскія адмыслоўцы-жэньшэняводы, што наведалі яе, разам сказалі тады ў захапленні жонцы і мужу: “Вы самі не разумееце, што вы зрабілі!”. Сабраны быў і рэкордны ўраджай – да 7 тонаў з га.  Асабліва ўзрасло значэнне створанай імі лекавай аптэкі пасля Чарнобыля. “Абвал” пачаўся яшчэ на пачатку тысячагоддзя, калі   плантацыя была „цынічна і жорстка” выкарчаваная  па загадзе апошняга кіраўніцтва фабрыкі, ужо камерцыйнай структуры.

… З Ірынай Канстанцінаўнай мы падышлі да плота фабрыкі гародніны, за якім месцілася знішчаная плантацыя жэньшэню ды цэх, якім яна загадвала. Па адзін бок месціцца бэз, па другі – акацыя. У яе часы гэта называлі алеяй кахання. Але зараз суразмоўніца аддаецца не самым вясёлым ўспамінам.

Як бура, як толькі слыннага на ўвесь свет раслінавода  “прыбралі” з працы па артыкуле “сістэматычнае невыкананне службовых абавязкаў”, “заваліла”  2 га жэньшэню з трох, што заставаліся. Як адбылося вынішчэнне ліпавай алеі са 110-ці дрэваў, бярозавага гаю, якія стваралі не толькі прыгажосць, але і чыстую экалогію вакол МОФа, пасёлка ля фабрыкі, дзе яна жыве. На іх месцы збудавалі двухметровы плот з калючым дротам наверсе, што, як кажуць, назаўжды пахавала магчымасць прайсці кароткім шляхам у горад праз тэрыторыю фабрыкі. Сённяшні дырэктар фабрыкі Парчэўскі так патлумачыў мне гэты свой загад.

Парчэўскі:  Усе фабрыкі маюць паркан, праектна-сметную дакументацыю распрацаваў “Мінсквадбуд”. Мы па распараджэнні прэзідэнта будуем новае цяплічнае прадпрыемства, дарагое абсталяванне, а тут бамжы жылі…

МОФ-аўцы, аднак, успрынялі будаўніцтва паркана як яшчэ адзін – цытую –  “бяздумны наступ на іх правы”, што і адлюстравана ў новых калектыўных зваротах. А Ірына Віяленцій, жанчына пенсійнага ўзросту, спрабавала бараніць прыроду сваім целам – у літаральным сэнсе!

MOF 011

Ірына Віяленцій: Калі з агароджай гэтай наблізіліся да майго дома, я ўзяла адгул і чакала. Ім трэба было бульдозерам выкапаць яму, каб усталяваць апору пад бетонную плыту. Я іх прасіла: хлопцы, не капайце, тут вада сцякае вясной, возера каля нас стаіць. Спачатку зберагла тры ліпы, яблыню і куст бэзу – сваім целам! Тады прыйшлі тры ахоўнікі, удвох учапіліся мне ў рукі, а трэці размахнуўся і кулаком мне ў скроню даў. Дачка выклікала доктара, а той –  “хуткую дапамогу”. Адвезлі ў бальніцу, судмедэкспертызу прайшла. А ўчастковы прыйшоў у гэты дзень, угаворваў, каб я не пачынала ніякую справу, і ён дае мне паперу, каб я распісалася. Бачу: тлумачальную запіску ад майго імя напісаў! Я кажу: “Не, хлопча, ты запіскі ў іх бяры, а мне павінен скласці пратакол!”

Вось як мне растлумачылі глыбінныя вытокі канфлікту тутэйшыя, былыя супрацоўнікі фабрыкі. Былы кіраўнік справамі Адміністрацыі Прэзідэнта, асуджаная цяпер Галіна Жураўкова дамаглася, каб 5 гадоў таму Менская фабрыка гародніны была перададзеная адной са структур Адміністрацыі – “Белзнешнегандальінвесту”. На загад экс-дырэктара Леўчанкі – кажуць, зараз у вышуку Інтэрполу – рабочыя плошчы сталі “бясплатнай базай для захоўвання трактароў, што рэалізоўваліся ў Расеі праз падстаўныя фірмы”–   адзначалася яшчэ тады фабрычнымі ў адкрытым лісце на імя тагачаснага старшыні КДБ Ерына. Але Жураўкову не кранула і тое, што, да прыкладу, плантацыя жэньшэню асягнула 6-ці га, была ў адзін голас названая “нацыянальным здабыткам Беларусі” такімі супрацьлеглымі па перакананнях ды генезісу людзьмі, як экс-прэм’ер Вячаслаў Кебіч ды лідар тагачаснага БНФ Зянон Пазьняк. Гледзячы па ўсім, не кранае гэта і сённяшняга дырэктара Парчэўскага, 15-га па ліку кіраўніка ад пачатку веку. Гэтага “раслінавода” “перакінулі” з Барысаўскага мельзавода. Зверху ставіліся не прафесіяналы, а памагатыя, цвердзіць былая загадчыца цэха лекавых траў Ірына Віяленцій.

Ірына Віяленцій: А Парчэўскі, як прыйшоў, выкарчаваў палову гектара абляпіхі, сотак  20 бружмелю, 15 сотак барбарысу, айвы японскай сотак 10, лімонніка кітайскага выразалі палову гектара –  17 гадоў рос! Жэньшэнь выкапалі ўвесь… А мы ж планавалі ў разы і разы пашырыць справу. Лекавыя зборы пры канцы ў аптэцы можна было набыць і ў сухім выглядзе, і ў “свежым”, зафасаваным. Мы знайшлі мільдзісу – напыль, з якой можна было малоць траву і рабіць жэньшэневыя травяныя таблеткі па тыпу індыйскіх. Марылі арганізаваць вытворчасць насення, распрацаваць тэхналогіі лекаў па кожнай расліне. Зрабілі фітабальзам з 22 траваў, што падыходзіў да мноства хваробаў. Падключыць навуку!

РР: Дрэчы, я сустрэўся папярэдне з вядомым фармацэўтам Людмілай Лосевай, якая паказала мне сертыфікат медычнага навуковага радыелагічнага цэнтра  Расейскай Акадэміі навук, дзе была зафіксавана здольнасць жэньшэня “як выдатнейшага лекавага сродку, які спыняе рэпрадуктаванне клетак з парушаным генетычным кодам, што ўзрошчваюць анкалагтчныя захворванні”. Інакш – жэньшэнь патэнцыяльна можа перамагчы рак!

Ірына Віяленцій: Канешне! І цэзій, стронцый выводзіў з касцей…

Дырэктара ж фабрыкі гародніны гэта не хвалявала, пра што ў час нашай тэлефоннай размовы  ён сказаў наўпрост.

РР: Пракаментуйце, чаму ў вас вырубілі жэньшэнь…

Парчэўскі: У мяне такіх фактаў няма. Там адна жанчына бударажыць, няма ёй чаго рабіць. Мы ж не гаворым, што гэта жанчына ўнесла 7 гадоў таму яду на карані жэньшэню і іх знішчыла. Мы навялі парадак пасля яе. Барбарыс, лаза расла – правільна зрабілі, што ўбралі, там хвораст быў. Мы цэх лекавых траў узаралі, расаду пасадзілі. Балбатаць можна адно, час у вас і мяне адбіраць…

Пад “жанчынай”, думаю, усе пазналі знаёмую нам спадарыню Віяленцій. Не даць ёй часу на адказ, тым больш на абвінавачванне – не маю права.

Ірына Віяленцій: Спадар Парчэўскі, Ваша неасцярожнае выказванне наконт яду можа быць абскаржанае ў судзе – гэта першае. У лекавым садзе “Віяленцій” я працавала да пачатку 2001-га. За захаванне і развіццё плантацый у 1998-ым мне была прысуджаная еўрапейская прэмія Генры Форда. А сярод краінаў  Еўропы лекавы сад заняў шостае мейсца. Да моманту майго звальнення адзіны працаваў з прыбыткам. З 1-га га мы збіралі па 10 тон лекавага кораня. Якая ў Вас тэхналогія, то ўжо вядома – усё вынішчыць. І калі абляпіху, лімоннік кітайскі,  айву японскую Вы, спадар Парчэўскі, прынялі за “хвораст”, паўстае пытанне: ці можна далей Вам давяраць такую далікатную справу, як гэта?!

…Апошнімі гадамі патомасная спявачка спадарыня Віяленцій спрабуе голас усё радзей. Кажа, меншае радасці дзеля спеўнага адхлання, а самота, толькі і глядзі, стане плачам. Гэтым разам з акна ейнай хаты мы глядзелі на першыя паўтара дзясятка елачак ды сасёнак, што яны з сяброўкай пасадзілі на месцы зрубленых дрэў. Там я яе і сфатаграфаваў. Гэты здымак перада мной і цяпер. І яна спявала…

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара