Пятро Кузняцоў: Спрабуем заставацца на плаву
Рэдакцыя парталу „Моцныя навіны” працуе, нягледзячы на выклікі: пандэмію і рэпрэсіі супраць прыхільнікаў пераменаў.
“Мы спрабуем заставацца на плаву”, – заявіў заснавальнік “Моцных навінаў” Пятро Кузняцоў і распавёў пра праблемы, з якімі сутыкнуліся мясцовыя журналісты.
– Двойчы была затрымана нашая галоўная рэдактарка Ганна Якштас, таксама сістэмны адміністратар быў затрыманы. І кіраўніца відэааддзела была затрыманая, сядзела на “сутках” і потым з’ехала. У рэдакцыі быў ператрус. Канфіскоўвалі абсталяванне і ўсю нашую тэхніку. Самая вялікая згуба была ў тым, што вымушана была з’ехаць Надзея, якая ў нас займалася відэапраектамі. Мы амаль што засталіся без супрацоўнікаў у відэааддзеле, але зараз мы яго аднаўляем.
Дзякуючы ахвяраванням чытачоў і мецэнатам, рэдакцыя “Моцных навінаў” аднавіла працу і ўзяла на працу новых людзей. Сярод іх – звольненая за ўдзел у акцыях пратэсту выкладчыца Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Суслава.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота: svaboda.org