Пяць гадоў без Зміцера Іваноўскага



Пяць гадоў мінула, як не стала вядомага грамадскага дзеяча, мастака Зміцера Іваноўскага. Памёр ён ад разрыву тромба ў бацькоўскай хаце на Ваўкавышчыне ва ўзросце 56 гадоў.

Гэта дзеяч, які застанецца ў нацыянальнай гісторыі, бо і праз пяць гадоў ягоны нацыянальна-вызвольны чын мастака і грамадзяніна уражвае. Кажа Эдвард Дмухоўскі:

– З Дзімам мы працавалі над вайсковай серыяй “Славутыя беларускія ваяры”. Гэта знакамітая Дзіміна серыя, агромністыя палотны. Выявы нашых рыцараў, бітваў, нашай беларускай славы. З ім было цікава працаваць і адначасова цяжка. Бо калі прыносіш гістарычны матэрыял, археалагічны матэрыял і разважаеш як і што было і ёсць у рэаліі,  ён уважліва слухаў, браў гэты матэрыял. Потым ты прыходзіў, глядзеў на палатно і казаў: “Дзіма, ты ж крыху дадумаў. Яно ж напэўна не так было”. А ён адказваў: „А хто ведае, як было. І чаму так не магло быць?”

Узгадваецца наша знакамітая акцыя, якую мы зладзілі здаецца ў 2001 годзе – у чарговыя круглыя ўгодкі, калі была знішчана Фара Вітаўта. Мы на месцы касцёла ўсталявалі памятны крыж. Рабілі мы гэта па-партызанску, уначы. А наранку ўся Гародня пабачыла гэты крыж. І гэта было натуральна, бо тут быў касцёл, намоленае месца, першыя могілкі каталіцкія гарадзенскія. І ўлада не ведала, што рабіць з гэтым крыжом. І ён прастаяў здаецца некалькі дзён. А пасля ўлада падагнала грузавік і хіба што таксама ўначы гэты крыж вывернулі і звезлі ў невядомым кірунку.

Узгадваецца яшчэ адзін Дзімін твор – “Фара Вітаўта. Хвіліна да выбуху”. І ён з гэтым творам стаяў ля ўваходу ў Фарны касцёл, каб паказаць людзям. Да яго чапляліся міліцыянты, а людзі баранілі. Казалі, чаго вы чапаеце чалавека, ён жа паказвае праўду!

Вадзім Саранчукоў, старшыня Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ: – Зміцер быў сябрам нашай арганізацыі. І самае галоўнае, што яго можа ахарактарызаваць, – гэта быў чалавек-агонь. Ён гарэў любой справай, за якую браўся. Такія людзі застаюцца ў гісторыі. Гэта людзі, на якіх варта і трэба раўняцца.

Мікола Воран: Зміцер Іваноўскі быў адданы сваёй справе чалавек.  Чалавек высокай нацыянальнай годнасці, які ставіў інтарэсы Бацькаўшчыны вышэй за ўсё. Ён ахвяраваў усім чым мог. Ахвяраваў сваім здароўем, пакутуючы ў вязніцах рэжыму. Ён шмат разоў станавіўся на дапамогу нямоглым. Выступаў у абарону правоў прадпрымальнікаў. Рабіў усё магчымае, каб над намі ізноў залунаў бел-чырвона-белы сцяг.

Таленавіты мастак, які правёў 26 персанальных выставаў за мяжой, і шэсьць разоў увязнены па палітычных матывах  рэжымам Беларусі, спачывае цяпер на гарадзенскіх могілках „Аульс”.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота uzv.by і Facebook, відэа: Hrodna Life