Пяць гадоў таму не стала Янкі Саламевіча



Пяць гадоў таму памёр Янка Саламевіч (1938-2012) – унікальны знаўца псеўданімаў, спецыяліст, якіх болей у Беларусі няма. На жаль, ён так і не пабачыў выдадзеным свой трохтомны, вялікі слоўнік псеўданімаў, які рыхтаваўся да друку ў апошнія гады. 

Янка Саламевіч, 1980 г.

Беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янка Саламевіч быў родам з Малой Кракоткі, што на Слонімшчыне. Скончыў Белдзяржуніверсітэт і аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. Працаваў старшым навуковым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі, у 1976—1992 гадах быў загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў выдавецтва «Беларуская савецкай энцыклапедыя», а з 1994 года працаваў вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”. Абараніў кандыдацкую дысертацыю “Міхаіл Федароўскі — фалькларыст”. У 1979—1988 гадах — адзін з вядучых тэлечасопісу “Роднае слова”.

Рыгор Шырма, Янка Саламевіч, Вячаслаў Рагойша, Менскі педінстытут, 1967 г.

Янка Саламевіч даследаваў гісторыю беларускай літаратуры і культуры, фальклор. Увёў у навуковы ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць многіх пісьменнікаў Беларусі XIX-XX cтагоддзяў. Аўтар першага на Беларусі “Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)”, манаграфіі “Міхал Федароўскі”. Склаў бібліяграфічны даведнік “Беларускі фальклор (1926—1963)”, кнігу “М. Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы”, зборнікі Г. Леўчыка “Доля і хлеб”, М. Арла “Лірнік” (1991), “П’есы XIX — пачатку XX ст.”, выбраныя творы Я. Чачота “Свіцязь”, літаратурна-мастацкі каляндар “Кола дзён” (1987, 1988, у сааўт.), “Каляндар памятных дат 2001” і іншыя.

У хаце Лідзіі.Арабей з родзічамі Цёткі.У другім радзе крайні злева Янка Саламевіч. 1976 г.

Міхась Скобла, Янка Саламевіч і Сяргей Чыгрын на Першым з’ездзе беларусаў свету, Менск, 1993 г.

Янка Саламевіч з Аксанай Спрынчан

Беларускае Радыё Рацыя