Пяць жанчын, затрыманых учора ў лесе, выйшлі з ІЧУ і чакаюць судоў



13 студзеня ў лесе пад Віцебскам міліцыянты затрымалі  шасцёх жанчын, якія  займаліся скандынаўскай хадой.

Іх абвінавацілі ў намеры здзейсніць несанкцыянаваны пікет, распавяла  віцебская актывістка Таццяна Севярынец:

-Пад’язджае машына, людзі ў чорным атачылі нас з усіх бакоў. Мне аж смешна стала, што адбываецца. Пытаюцца: “А што вы тут робіце?” Няўжо не відаць, што займаемся зарадкай? Кажуць, ім паступіў сігнал, што мы ў гэтым лесе хочам зрабіць нешта нядобрае. Мы – гэта шасцёра жанчын, палова якіх пенсійнага веку…

 Жанчын адвезлі ў Першамайскі РАУС, і праз 7 гадзін Таццяну Севярынец павезлі ў суд, бо на яе склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне. Падставай для гэтага міліцыянты палічылі наяўнасць у сумцы актывісткі двух бел-чырвона-белых сцягоў, якія ў лесе ніхто нават не даставаў. У судзе Першамайскага раёну Таццяне Севярынец уручылі позву на 19-га студзеня і адпусцілі. Астатнім жанчынам абвясцілі, што яны вольныя таксама, але літаральна на ганках РАУСу зноўку затрымалі і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, распавяла пенсіянерка Раіса Кухто:

-Толькі мы выйшлі, як нас вярнулі, і мы сядзелі ў гэтым боксе. І толькі а другой гадзіне ночы нас адвезлі ў ІЧУ – трое кратаў за вакном і сабакі ў двары… Як нас у 9 ранку затрымалі, дык  мы галодныя ўвесь дзень прасядзелі да сённяшняй раніцы.

67-гадовай пенсіянерцы Тамары Ільіной ноччу стала кепска, і яе на хуткай дапамозе адвезлі ў кардыялагічную лякарню. Астатніх чатырох жанчын пачалі судзіць па скайпе. Аднак  потым адпусцілі, бо ў суд не з’явіліся міліцыянты, якія затрымлівалі жанчын у лесе нібыта за намер зладзіць пікет. Суддзя Вераніка Барысава  ў судзе Першамайскага раёну перанесла працэс над Аленай Касновай на 19-га студзеня. Суддзя райсуду Кастрычніцкага раёну  Уладзімір Царыкаў перанес разбіральніцтвы па справах Раісы Кухто, Людмілы Валаткевіч і Людмілы Каменскай на 20-га студзеня. Тамара Ільліна пакуль застаецца ў шпіталі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск