Пяцігоддзе “Кубіка”: гулялі ў новых „Паўстанцаў”



Гараденская крамка настольных гульняў „Кубік” у Гародні пачала адзначэнне свайго пяцігоддзе. Першым мерапрыемствам у „Цэнтры гарадскога жыцця” стала гульня ў адноўленую гульню “Паўстанцы”.

Пра адметнасці гэтай гульні распавядае яе стваральнік Антон Янкоўскі:

– Што будзе ў новых “Паўстанцах”. Па-першае, мы цалкам мяняем дызайн – дызайн картак, дызайн скрыні, дызайн падачы. Па-другое, з’яўляецца дадатак, які крыху робіць гульню больш мабільнай і дадае больш цікавостак. І па-трэцяе, мы дадаем шмат гістарычных момантаў, гістарычнай асновы, каб гульня стала больш адукацыйнай. Не проста вясёлай і забаўляльнай, але несла сабой больш адукацыйнага характару.

Гарадзенцы, што гулялі ў “Паўстанцаў” адзначылі, што гульня стала больш цікавай.

– Сабраліся ўсе добрыя людзі, вельмі знаёмыя. І гульня атрымалася вельмі добрай, вясёлай, мне падабаецца гэтая гульня.

– Былі такія моманты, калі я думала, што гэта вырашаецца асабіста мой лёс, а не лёс той карткі, якую я выцягнула, а мой лёс вырашаецца. Вельмі цікава і тое, што калі мы вырашаем, хто ёсць хто, тут галоўнае не паддацца пад меркаванне суседа і зрабіць правільны выбар.

Святкаванне “Кубіка” будзе працягвацца: у гарадзенскім бары “Карсар” адбудзецца вечарына да гэтага свята, а ў выходныя ў гандлёвым цэнтры OLDСіці пройдзе вялікая сямейная гульнатэка.  

Беларускае Радыё Рацыя