Пётр Маркелаў: Ніка будзе пахавана ў Беларусі…



Беларус Пётр Маркелаў, чыя жонка не так даўно загінула на Алясцы, распавёў пра тое, чаму ён да гэтага часу знаходзіцца ў амерыканскім горадзе Анкарыдж.

Нагадаем, што актывіст ініцыятывы Legalize Belarus Пётр Маркелаў і рэжысёр Ніка Ніканава згулялі вяселле 1 ліпеня, пасля чаго адправіліся ў вандроўку па Амерыцы.

Калі маладыя людзі спрабавалі пераплысці раку Тэкляніка, дзяўчыну змыла моцнай плынню вады. Пётр выцягнуў яе з вады, але выратаваць жонку не ўдалося.

Пётр Маркелаў: Учора, 30 ліпеня, у Анкарыдж (горад на Алясцы) прыляцела з Беларусі мама Нікі. Да гэтага мы з ёй не бачыліся, давялося пазнаёміцца пры такой вось сітуацыі. Жывем тут у знаёмых, чакаем, калі адбудзецца крэмацыя.

РР: Крэмацыя – гэта жаданне маці Нікі?

Пётр Маркелаў: Так, але крэмаваць будуць, можа быць, толькі праз тыдзень. Тут чэргі на крэмацыю, таму не ведаем дакладна, колькі яшчэ чакаць. Але затым прах прывязем у Беларусь, дзе Ніка і будзе пахавана.

РР: У інтэрнэце сям’і Нікі за суткі сабралі больш за 20 тысяч долараў…

Пётр Маркелаў: Грошы патрэбны на крэмацыю, афармленне розных папер у Амерыцы, на білеты. Тое, што застанецца, пойдзе на завяршэнне фільма «Пакаленне 328», які здымала Ніка. Яна вельмі хацела закончыць гэтую працу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя