Пётр Маркелаў: Выпаліў касяк – сеў на 5-8 год. Гэта ненармальна



«Legalize Belarus». Група маладзёнаў з грамадскага руху «Дзея» і ініцыятывы «Students For Liberty Belarus» праводзіць кампанію за дэкрыміналізацыю канопляў. У некаторых еўрапейскіх краінах, як напрыклад у Чэхіі, наяўнасць невялікай дозы марыхуаны з’яўляецца законнай, у Беларусі ж за некалькі грамаў чалавека могуць пасадзіць на некалькі гадоў.

У межах кампаніі актывісты арганізоўваюць лекцыі, прагляды адмысловых фільмаў. Удзельнікі ініцыятывы таксама склалі зварот да Палаты Прадстаўнікоў з просьбай змяніць суровае заканадаўства, а таксама разаслалі сотні лістоў падтрымкі ўвязненым за ўжыванне марыхуаны.

Тэма спрэчная і кантраверсійная, але, як адзначае кіраўнік камунікацыйнае службы кампаніі Пётр Маркелаў, надзвычай актуальная.

Мы ставім перад сабой тры мэты. Першая: тое, што мы завем drug education – гэта адукацыя па пытаннях псіхаактыўных рэчываў. Зараз у Беларусі склалася такая сітуацыя – каля 15 тысячаў чалавек сядзяць у турмах, і большасць з іх, гэта проста спажыўцы марыхуаны. Яны папалілі з сябрам, і ім далі па 5-8 гадоў. Гэта ненармальна! Таму, наша першая мэты, даць людзям навуковую інфармацыю пра тое, што такое марыхуана, чым яна адрозніваецца ад спайсаў, ад сінтэтычных канабіноідаў, ад іншых рэчываў. І якім чынам пазбегнуць такога неадказнага спажывання. Другая мэта нашае кампаніі: адвакацыя за рэформу. Натуральна, мы хочам адмяніць крымінальную адказнасць за захоўванне марыхуаны ў малых колькасцях. Такая норма ўведзена ў шмат якіх еўрапейскіх краінах. Значыцца, калі Вы захоўваеце менш, чым, напрыклад, 2-3 грамы, Вам за гэта могуць даць штраф ці пасадзіць на 15 содняў. Але гэта не павінна быць так, што цябе злавілі, а ў кішэні знайшлі палову граму ці нават такую колькасць марыхуаны, якую не хопіць на касяк, табе даюць год ці два. Гэта ненармальна. Уласна, трэцяя мэта – падтрымаць тых, хто ўвязены па артыкулах аб наркотыках.

Акцыя салідарнасці з Арцёмам Бародзічам у Берліне

РР: Памятаем пра галосны выпадак з акторам Купалаўскага тэатру Арцёмам Бародзічам, якога засадзілі на 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пётр Маркелаў: Сапраўды, гэта праблема. Бо ў выпадку Бародзіча распаўсюд не быў даказаны. Але, зыходзячы з аб’ёму марыхуаны, які ў яго знайшлі, была зробленая выснова, што быў намер распаўсюду. У яго знайшлі шалі і каля 25 грамаў марыхуаны. Але сам факт продажу не быў даказаны.

РР: Але Пётр, можа Вы ўсё ж такі пагодзіцеся, ёсць заканадаўства, і людзі, яны ж былі свядомыя таго, што ёсць такі строгі закон наконт гэтага наркотыку.

Пётр Маркелаў: Адна справа – закон, а іншая – як яны адносяцца да псіхаактыўных рэчываў, ці ведаюць яны, што гэта такое. Натуральна, калі з дзяцінства нам нічога пра гэта не кажуць, нам кажуць толькі, што гэта дрэнна, то замест таго, каб мы ведалі, што гэта такое, у нас узнікае цікавасць. І нам хочацца паспрабаваць, што гэта такое, невядомае.

Актывісты збіраюць подпісы пад зваротам у Палату прадстаўнікоў з прапановай унесці змены ў заканадаўства

РР: Вядома, што ў Беларусі ёсць вялікая праблема з наркаманіяй. Ці да месца кампанія за легалізацыю марыхуаны, калі мы і так маем вялікія праблемы з наркотыкамі і нарказалежнасцю?

Пётр Маркелаў: Наркотыкі ўжываюцца паўсюль. Ва ўсіх краінах існуюць людзі, якім цікава нешта новае, якія ўжываюць наркотыкі ці псіхаактыўныя рэчывы, я б ужываў гэты тэрмін. Але з-за таго, што ў Беларусі закон не бачыць розніцы паміж марыхуанай і гераінам, то натуральна, на рынку з’яўляюцца тыя рэчывы, якія таннейшыя, больш небяспечныя, і людзі іх ужываюць, бо такая прапанова. І гэта стварае дадатковыя праблемы, гэта стварае такую сітуацыю, калі працуюць крымінальныя схемы, калі працуюць схемы з закладкамі. Таксама гэта стварае праблемы са здароўем для спажыўцоў. Марыхуана ж можа выкарыстоўвацца ў медычных мэтах, спайсы ды сінтэтычныя канабіноіды, якія не маюць дачынення да натуральнае марыхуаны, яны вельмі небяспечныя, але яны таннейшыя. Таму іх спажываюць, іх прадаюць.

РР: А што б Вы адказалі на такі аргумент, што калі дзяржава дэкрыміналізоўвае марыхуану, яна дае маральны дазвол на спажыванне накротыкаў, хай сабе і лёгкіх, то бок, даецца такая маральная адмашка на тое, каб моладзь гэта ўсё спрабавала?

Пётр Маркелаў: Беларусь уваходзіць дакладна ў топ-5 еўрапейскіх краінаў па спажыванні як алкаголю, гэтак і тытуню. І ведаеце, калі алкаголь цалкам легальны, і рэклама алкаголю існуе ледзь не на дзяржаўным узроўні, а за захоўванне і ўжыванне марыхуаны садзяць у турму на большы тэрмін, чым за забойства, то гэта ненармальна…

РР: … і Вы ўласна сваёй кампаніяй хочаце гэта выправіць, і калі не да дзяржавы, то прынамсі на грамадства данесці сваю пазіцыю і акрэсліць гэтую праблему?

Пётр Маркелаў: Так, мы ўпэўненыя, што ўсе доўгатэрміновыя змены пачынаюцца знізу, з грамадства. У першую чаргу мы хочам уплываць на грамадскае меркаванне. Мы хочам змяніць адносіны грамадства да спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў. Мы хочам паказаць, што тыя, хто спажываюць марыхуану – гэта таксама людзі. Гэта не тое, што яны наркаманы, і рабіце з імі, што хочаце. Ведаеце, вельмі проста сказаць, што я супраць наркотыкаў, адмахнуцца ад гэтае праблемы. Але праўда ў тым, што каля 15 тысячаў чалавек проста пазбаўлены волі. Яны сядзяць за кратамі па 5-8 гадоў. Гэтыя 20-гадовыя юнакі, калі выйдуць, апынуцца 26-гадовымі, 30-гадовымі зэкамі, іх так і будуць успрымаць у грамадстве. Бо турма пакідае такі след на людзях.

Адзначу, што мы не займаемся прапагандай наркотыкаў, мы не займаемся папулярызацыяй ужывання тых ці іншых псіхаактыўных рэчываў. Мы даносім навуковую інфармацыю пра тое, што існуюць розныя рэчывы і як пазбегнуць безадказнага спажывання гэтых рэчываў. Калі чалавек будзе валодаць інфармацыяй, ён будзе папярэджаны. І далей ужо яму вырашаць, што рабіць.

Актывісты «Legalize Belarus».адправілі сотні паштовак са словамі псіхалагічнае падтрымкі ўвязненым па артыкулах аб наркотыках. Фота з фэйсбук-старонкі кампаніі «Legalize Belarus»

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя