Пытанне бясплатных віз на “Басовішча” застаецца адкрытым
Самае позняе – 11 ліпеня людзі даведаюцца, ці атрымаюць бясплатныя візы на фестываль «Басовішча». Такую інфармацыю перадала нашаму радыё Дар’я Вапа з Беларускага аб’яднання студэнтаў. Фестываль музыкі мадалой Беларусі «Басовішча-2017» пачынаецца ўжо ў пятніцу. Паводле слоў Дар’і Вапы, вядома ўжо, што візы атрымаюць усе выканаўцы сёлетняга «Басовішча».
– Маем надзею, што прынамсі частка людзей атрымае візы. Гэта якраз тое пытанне, якое сёння будзем абмяркоўваць. Усё павінна вырашыцца да заўтра, людзі павінны атрымаць нейкі адказ: будуць візы ці не.
Як дадае Дар’я Вапа, хто атрымае візу – польская амбасада будзе паведамляць кожнага паасобку.
– На фэйсбуку напэўна напішам, а ўжо канкрэтна з людзьмі будзе кантактавацца амбасада. Яны маюць усе нумары. І гэта якраз іх задачы, каб усіх паінфармаваць, ці прыходзіць ім у консульства, ці можа не атрымаюць візы.
У візавым аддзеле Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці інфармацыі пра тое, ці будуць выдавацца такія візы, таксама не паведамілі:
– Ведаеце, трэба патэлефанаваць пасля 15-й гадзіны, і я вас злучу з акенкам, якое займаецца такімі справамі.
Візавая падтрымка гасцей «Басовішча» дагэтуль стаіць пад пытаннем з-за новых правілаў, якія нядаўна ўступілі ў сілу, як паведамляюць арганізатары фестывалю. «Басовішча» пройдзе 14-15 ліеня. Праграма фестывалю тут.
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток