Пытанне самакіравання Беларускай Праваслаўнай Царквы адкладзена (абноўлена)
Мітрапаліт Павел патлумачыў, чаму пытанне пра аўтаномнасць Беларускай Праваслаўнай Царквы адкладзенае на 20-50 гадоў. Увечары 20-га студзеня Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел сабраў прэсу на адмысловую сустрэчу. Нагадаем, пасля епархіяльнага сходу 16-га студзеня стала вядома, што мітрапаліт нібыта заявіў, што бліжэйшым часам пытанне пра самакіраванне царквы будзе вырашанае. Але праз некалькі дзён публічна заявіў, што яно адкладаецца. Вось як мітрапаліт тлумачыць падзеі епархіяльнага сходу:
– Так атрымалася, як я ўжо смяюся і кажу, у нас быў адзін вельмі набожны чалавек, які ўключыў на гэтым сходзе мікрафон і ў прамым эфіры, калі так можна скзаць, перадаваў усё тое, што адбывалася на нашым працоўным сходзе. І ў выніку атрымалася так, што неапрацаваны матэрыял, неканструктыўны, а толькі дыскусійны быў пададзены грамадскасці.
Пасля таго, як, паводле мітрапаліта, стала зразумела, што перавагу ў дыскусіі бяруць не разважанні, а жарсці, ён асабіста прыняў рашэнне зняць пытанне з парадку дня ўвогуле. Завяршаючы сустрэчу, мітрапаліт Павел папрасіў не ўспрымаць словы пра 25-50 гадоў літаральна. «Ніколі не кажы ніколі», – падкрэсліў ён наконт магчымасці вярнуцца да пытання аўтаномнасці беларускай царквы.
Цалкам гук слухайце ў далучаным гукавым файле.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Самакіраванне Беларускай Праваслаўнай Царквы адкладзём на гадоў 25-50. Пра гэта сказаў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел на тэлеканале АНТ. Прыгадаем, што нядаўна царкоўны сход Менскай епархіі прыняў заяву пра неабходнасць самакіравання, якая выклікала шырокі розгалас. Паводле Патрыяршага Экзарха, трэба дакладна разумець, што гаворка ішла не пра аўтакефалію ці нават аўтаномію царквы, а толькі пра яе самакіраванне:
– Калі ўважліва прагледзець сённяшнні статут нашага Беларускага Экзархата, то вы зразумееце: усё, што неабходна для выратавання душы кожнага чалавека, у нас ёсць. На фоне таго, што адбываецца цяпер у Еўропе ды ва ўсім свеце гэтая думка гучыць трохі тэндэнцыйна. У мяне склалася ўражанне, што яе адмыслова падкінулі.
Пажаданне з боку менскай епархіі пра самакіраванне Беларускай Праваслаўнай Царквы выклікала хвалю незадавальнення з боку многіх, як паведаміў мітрапаліт Павел. Таму тэма здымаецца з павесткі дня.
Беларускае Радыё Рацыя