Пытанне школы ў Амелянцы закранулі ў Берасцейскім аблвыканкаме



Памочнік прэзідэнта, інспектар па Берасцейскай вобласці Анатоль Маркевіч прыняў удзел у калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі мясцовага аблвыканкама. На ёй абмяркоўваліся вынікі 2019 года і задачы на 2020-й. Там ён закрануў пытанні аптымізацыі ўстановаў адукацыі, сярод якіх і пытанні вакол Амелянецкай сярэдняй школы, – перадае БЕЛТА.

Днямі раней памочнік прэзідэнта наведаў апошнюю беларускамоўную сярэднюю школу ў Камянецкім раёне ў вёсцы Амелянец, дзе паглядзеў на заняткі, пагаварыў з педагагічным калектывам і мясцовымі жыхарамі, якія не хочуць, каб школу закрылі:

– Я, як мясцовая жыхарка, увогуле хачу, каб яе не закрывалі. Трое дзяцей, самы малодшы ў першы клас пойдзе ў наступным годзе. Мне гэта не выгадна, каб некуды іх вазілі. Самі разумееце, перажываеш, як яны заехалі, што з імі. А тут на месцы. Я не магу прывыкнуць, што беларускамоўная, але мне гэта падабаецца.

 “Увагу да Амелянецкай СШ з боку памочніка прэзідэнта прыцягнуў калектыўны зварот жыхароў вёскі Амелянец. У ім, між іншым, прасілі не закрываць гэтую школу. Зварот быў накіраваны ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. Добра, што ўсё скалыхнулася, але афіцыйны адказ з Адміністрацыі мы яшчэ чакаем, ён мусіць быць 9 лютага”, – падсумаваў Павел Кендысь, настаўнік згаданай школы і адзін з аўтараў звароту.

Беларускае Радыё Рацыя, Амелянец