Пытанне смяротнага пакарання выходзіць на новы ровень?



Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда распавядае пра тое, ці выпадковасць, што другі сёлета смяротны прысуд быў вынесены ў дзень зняцця Еўразвязам большасці санкцыяў у дачыненні да Беларусі.

Як паведамлялася раней,15 лютага быў вынесены смяротны прысуд 31-гадоваму ўраджэнцу вёскі Мачулішчы Менскага раёна Сяргею Хмялеўскаму, які першапачаткова быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення па абвінавачванні ў забойстве трох чалавек з асаблівай жорсткасцю.

Андрэй Палуда: Вынясенне смяротнага прысуду ў дзень зняцця еўрапейскіх санкцыяў з аднаго боку нельга звязваць, бо ў патрабаваннях па адмене абмежаванняў не было ўмовы ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. З іншага – сімвалічны момант у гэтым існуе, бо Еўразвяз увесь час выступае супраць смяротнага пакарання, крытыкуе Беларусь за наяўнасць расстрэльнага артыкула і робіць асуджальныя заявы, калі выносіцца чарговы смяротны прысуд. Але мы ж бачым, якая сітуацыя. Тым больш, трэба ўлічыць, што Хмялеўскі спачатку быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення, а затым быў перагляд скаргі і рашэнне аб вышэйшай меры пакарання.

РР: Напярэдадні гэтага году вы рабілі дастаткова аптымістычныя прагнозы і казалі, што сітуацыя можа змяніцца ў лепшы бок. Чаму лепшыя чаканні не апраўдваюцца?

Андрэй Палуда: Немагчыма прадказаць логіку ўлады, бо нярэдка прымаюцца абсалютна алагічныя рашэнні. Таму вельмі складана нешта дакладна казаць, але, магчыма, пытанне смяротнага пакарання выходзіць на новы ровень, і ўлады такім чынам падвышаюць значнасць і кошт пытання. Калі б была норма смяротнага пакарання, але яна не прымянялася б на практыцы, то пра яе менш казалі б. А за два месяцы гэтага году ўжо вынесены два смяротныя прысуды. І ў дадатак да гэтага некалькі чалавек чакаюць растрэлаў у “спецкалідоры”. Ім вынесены смяротныя прысуды, але рашэнне пакуль не ўступіла ў законную сілу, бо будуць разглядацца касацыйныя скаргі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя