Пытанне смяротнага пакарання знаходзіцца ў “падвешаным стане”



Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавядае, ці могуць дэпутаты зварухнуць з мёртвай кропкі тэму смяротнага пакарання ў Беларусі.

Як заявіў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч, прапрацоўваецца магчымасць правядзення парламенцкіх слуханняў па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі ў пачатку 2018 года.

Алег Гулак: Не павінна быць эйфарыі з нагоды таго, што па гэтым пытанні могуць адбыцца парламенецкія слуханні, бо найперш трэба звярнуць увагу на дату мяркуемых слуханняў – наступны год. А за год столькі ўсялякіх падзей можа адбыцца, што тых слуханняў можа і не дачакаемся. Таму хтосьці з гэтай нагоды можа папляскаць у далоні і сказаць, што прагрэс ёсць, а нехта (больш песімістычны) скажа, што грамадству ўжо некалькі разоў абяцалі такія “абмеркаванні”, але на тым усё і заканчвалася. Людзей, як расстрэльвалі ў Беларусі, так расстрэльваюць і да гэтага часу. Адным словам, у нас добра нешта гучыць на словах, а вось са справамі крыху складаней.

РР: Пакуль гэтае пытанне, нягледзячы на тое, што ў Беларусі прайшла міжнародная канферэнцы па пытанні смяротнага пакараняя, на самай справе не вырашаецца…

Алег Гулак: Яно, што называецца, знаходзіцца ў “падвешаным стане”. Ужо доўгі час розныя эксперты кажуць, што пытанне ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне – гэта пытанне патэнцыйнага гандлю. Але ж, калі гэта так, то чаму за 20 гадоў нічога так і не выгандлявалі? Які кошт гэтага гандлю і ці існуе ён наогул? Зрэшты, не будзем адмаўляць, што гэта справа – палітычная. І яе вырашэнне, на мой погляд, залежыць усяго ад некалькіх чалавек.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя