Пытанні па рэстаўрацыі гарадзенскага замка абмеркавалі на круглым стале



Дыялог грамадскіх арганізацыяў і гарадзенскіх ўладаў, праектных і будаўнічых арганізацыяў, якія займаюцца рэстаўрацыяй гарадзенскага замка, адбыўся. Круглы стол прайшоў у памяшканні Новага каралеўскага замка пераважна па ініцыятыве Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і моладзевага аб’яднання „Гісторыка”, якія яшчэ ў траўні спрабавалі абмеркаваць неадназначныя пытанні па рэстаўрацыі замка.

Кажа Антон Астаповіч – старшыня Таварыства аховы помнікаў:

Пазнаёміліся з пазіцыяй заказчыка, праекціроўшчыка, навуковага кіраўніка аб’екта, наведалі аб’ект, выказалі сваю пазіцыю. Канешне, гэта быў папросту абмен думкамі, па выніку якога ўжо да сярэдзіны наступнага тыдня, да 1 жніўня, будзе праект рэзалюцыі, які будзе дасланы ўсім удзельнікам круглага стала для канчатковай рэдакцыі.

У рэзалюцыі па выніках круглага стала павінна быць унесена шэраг правак і заўвагаў, якія прапанавалі зацікаўленыя гісторыкі з Гародні і Менска, актывісты Таварыства аховы помнікаў. Галоўнае для грамадскасці – захоўваць дыялог і кантроль з выканаўцамі і праекціроўшчыкамі, мяркуе Антон Астаповіч.

Важны пункт як працяг наступнай сустрэчы – каб не проста так сустрэліся і пагаварылі, каб быў кантакт паміж грамадскасцю і спецыялістамі, якія працуюць у праекце, а таксама незалежнымі спецыялістамі. Гэта будзе адлюстравана ў рэзалюцыі, і я спадзяюся, што гэта рэалізуецца. Сумеснае пасяджэнне навукова-метадычнай рады і грамадскай назіральнай камісіі па праблемах замка. Там, у асноўным, будзем ставіць пытанне, у якім рэчышчы праекціроўшчыкам працаваць па другой і трэцяй чарзе.

Вельмі значнай, на думку Антона Астаповіча, была заўвага гісторыка Андрэя Чарнякевіча, якая будзе ўнесена ў рэзалюцыю. Гэта неабходнасць правядзення антыаварыйных працаў на аўтэнтычных канструкцыях, якія будуць рэстаўравацца толькі ў трэцюю чаргу.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота sb.by