Рабочая з Глыбокага праз суд дамаглася аднаўлення на працы
Аднавіць на працы Аксану Мушкат і выплаціць грашовую кампенсацыю ў памеры больш за восем мільёнаў беларускіх рублёў – такое рашэнне вынес суддзя Глыбоцкага раённага суда Станіслаў Трапук у дачыненні да Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Аскану Мушкат, рабочую Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, звольнілі з працы за прагул. Бо яна, стаўшы інвалідам па зроку падчас працы ў ЖКГ, пачала змагацца за права на больш лёгкія ўмовы працы.
Кажа Аксана Мушкат:
– Я згубіла ўжо ўсе надзеі, бо думала, што з дзяржструктурай судзіцца няма сэнсу. І я вельмі ўдзячная суддзі Трапуку, што справядлівасць, урэшце, перамагла.
Як патлумачыў суддзя Станіслаў Трапук, у справе было шмат неадпаведнасцяў у дакументах і довады істца ў поўнай ступені адказчыкам не былі аспрэчаныя.
– Рашэнне пра яе звальненне з працы з-за прагулу прынята без належнага і дэтальнага разгляду ўсіх акалічнасцяў яе адсутнасці на працы. Акрамя таго, наймальнік не ўзяў пад увагу, што прадугледжана артыкулам 283 Працоўнага кодэксу, а таксама законам аб сацыяльнай абароне, што ў перыяд праходжання праграмы індывідуальнай рэабілітацыі не дапушчальна звальненне па ініцыятыве наймальніка.
Нагадаем, дасудовае разбіральніцтва для рабочай Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аксаны Мушкат станоўчых вынікаў не прынесла. У гэтым працэсе прадстаўнік ЖКГ, юрыст Аляксандр Алексяенка, не пагадзіўся з аднаўленнем Аксаны на працы. Таму рабочая звярнулася ў суд і выйграла яго.
Прадстаўніца Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая прысутнічала на судзе, ад каментароў наконт абскарджвання рашэння ў вышэйшай інстанцыі адмовілася.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае