Рабочы «Беларуськалія»: да палітычных патрабаванняў далучацца і эканамічныя



Салігорскім шахцёрам цяжка страйкаваць у цяперашніх умовах. Адразу пасля абвяшчэння страйку і палітычных патрабаванняў да кіраўніцтва «Беларуськалія» да шахцёраў пачалі прыходзіць міліцыянты, пачаліся суды. Шмат рабочых за апошні месяц збітыя, аштрафаваныя, пакараныя суткамі арышту.

Ціск працягваецца, аднак шэраг людзей вырашыў змагацца з рэжымам да канца і на працу да адстаўкі Лукашэнкі не выйдзе.

Калектыў спрабуе яднацца ў сваёй пазіцыі, кажа адзін з сябраў страйкама Сяргей Казелька:

– Выклікаюць у міліцыю, ДАІ забірае машыны. Увесь гэты ціск ідзе. Не даюць нам нармальна праводзіць страйк.

Пры гэтым страйк нават у цяперашнім маштабе б’е па прадпрыемстве, а значыць, і па рэжыме Лукашэнкі.

Неўзабаве да палітычных патрабаванняў шахцёраў дададуцца і эканамічныя, – тлумачыць Сяргей Казелька.

– Ужо цяпер ідзе рэзананс з-за звальнення людзей па палітычных матывах. Думаю, што Еўропа за гэтым таксама будзе назіраць, і будуць нейкія зробленыя высновы на гэты конт. Так як «Беларуськалій» у асноўным працуе на імпарт, натуральна, што ўсё гэта потым адаб’ецца ў эканамічнай сістэме «Беларуськалія».У рэшце рэшт прыбытак і заробкі будуць зніжацца, і народ будзе выходзіць яшчэ больш, па эканамічных прычынах.

Пры гэтым нават пры дадаванні эканамічных прычын страйкоўцы не адмовяцца ад ранейшых палітычных. У гэтым можна быць пэўным, паколькі большая частка шахцёраў на выбарах галасавала зусім не за Лукашэнку, а за Ціханоўскую, а пасля разгонаў народных сходаў дзясяткі шахцёраў і іх дзеці былі збітыя міліцыянтамі.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: gazetaby.info