Рабочых «Граніта» не азнаямляюць з калектыўнай дамовай
Адміністрацыя мікашэвіцкага прадпрыемства “Граніт” складае калектыўную дамову для праформы: рабочых з ёю не знаёмяць. Таму яны не ведаюць пра належныя выплаты. Калі нават даведаешся, то трэба мець юрыдычныя веды, каб гэтыя выплаты атрымаць. Адміністрацыі гэта на руку, кажа былы інжынер прадпрыемства Уладзімір Табула. Ён толькі у час судовых разборак і скаргаў у розныя інстанцыі даведаўся пра тое, што пры адмове ў выплаце вераснёўскіх надбавак яму, як шматдзетнаму бацьку, ягоныя правы былі парушаны. Па словах Табулы, зараз праз суд ён намагаецца атрымаць нявыплачаную надбаўку:
— 29 снежня 2015 года мне прыйшоў ліст з Берасцейскага камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь, у ім быў пацверджаны факт, што мае правы былі парушаныя і ямаю права гэта спрэчыць.
Паводле прававога інспектара прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзіміра Малея, бяда нашых рабочых, што яны не патрабуюць азнаямлення з калектыўнай дамовай, таму не ведаюць сваіх правоў:
— Гэтую заяву суддзя павінен разгледзець. Прымаць рашэнне на карысць Табулы ён можа толькі ў адным выпадку: па ягонай просьбе, а ён у іскавай заяве яе напісаў, устанавіць тэрмін іскавай даўнасці па паважных прычынах. А паважная прычына ў тым, што яго з калектыўнай дамовай і ў той частцы, што тычыцца яго, як шматдзетнага бацькі, не азнаёмілі.
Патрэбна, каб прафсаюзны кіраўнік знаёміў рабочых з калектыўнай дамовай. Інакш патрабаванне калектыўнай дамовы для азнаямлення ўспрымаецца як бунт з непадпісаннем чарговага кантракта, кажа Уладзімір Табула.
Беларускае Радыё Рацыя