Рабочыя БАЗ не спыняюць страйк, хоць актывістаў пачынаюць судзіць



На ўдзельнікаў страйку Баранавіцкага авіярамонтнага завода складзены ўжо 21 пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Першых чацвярых павінны былі судзіць 24 жніўня. Але суд адклалі нібы з-за патрэбы ў дапрацоўцы пратаколаў. Намеснік старшыні Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі лічыць, што справа не ў гэтым:

– Сабралася даволі многа людзей, уся пляцоўка перад судом была запоўненая. Яўна бачна, што ўлады пабаяліся. Адмянілі суд нібыта па прычыне, што патрабуецца даследаванне.

Таццяна Малашчанка, жонка ўдзельніка страйку Алега Малашчанкі, распавяла, што страйкуючыя малайцы, не паддаюцца ціску – не збіраюцца спыняць страйк і адмаўляцца ад сваіх патрабаванняў:

– Яны падтрымліваюць патрабаванне аб адстаўцы Лукашэнкі, аб вызваленні палітзняволеных. Увогуле ў іх былі флэшмобы супраць гвалту, супраць таго, што адбылося менавіта 9-га, 10-га і 11-га, супраць рэпрэсіяў.

Баранавіцкія актывісты і праваабаронцы просяць усіх, хто можа, падысці на судовае паседжанне 27-га жніўня ў 14.30 па справе актывістаў страйку, каб падтрымаць пераследуемых страйкуючых работнікаў авіярамонтнага завода. 

Беларускае Радыё Рацыя