Работнікам “Беларуськалія” прапанавалі навагоднія вакацыі за свой кошт



Работнікам «Беларуськалія» прапанавалі ўзяць навагоднія вакацыі за свой кошт – з 31 снежня па 7 студзеня. Пра гэта парталу TUT.by распавёў адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства. На яго думку, на такія вакацыі адправяць 95% супрацоўнікаў.

Гэтыя вакацыі ён тлумачыць тым, што салігорскае прадпрыемства пакуль не заключыла кантракты на збытруды. «Атрымліваецца, працаваць няма сэнсу: няма кантрактаў – няма збыту, прасцей адправіць людзей адпачываць, а то потым не будзе чым заробак плаціць», – тлумачыць работнік.

Па яго словах, раней браць выходныя за свой кошт супрацоўнікам ніколі не прапаноўвалі. Нават калі быў канфлікт з «Уралкаліем», работнікам плацілі дзве-траціны акладу. У адміністрацыі «Беларуськалія» журналістам заявілі, што прымусова адпраўляць работнікаў у адпачынкі за свой кошт не будуць, а рашэнне пра вакацыі прынятае па шматлікіх просьбах саміх рабочых.