Работнікам «Нафтана», затрыманым падчас «хапуну» 17 кастрычніка, прызначылі арышты
Справы некалькіх затрыманых разбірала 18 кастрычніка сумнавядомая суддзя Наваполацкага гарадскога суда Зінаіда Балаболава. Напярэдадні некалькі чалавек трапілі пад міліцэйскі «хапун» проста на прахадной.
Двум «нафтанаўцам» Балаболава прызначыла па 13 сутак арышту за наяўнасць на старонках у «Аднакласніках» адной або некалькіх «экстрэмісцкіх» спасылак. Яшчэ аднаго калегу арыштавалі на 15 сутак за рэпосты з трох «экстрэмісцкіх крыніц». Усе трое асуджаны паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, міліцыянты заўважылі прыкметы правапарушэння месяц таму, 15 верасня.
Яшчэ аднаго работніка «Нафтана» суд прызнаў вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле арт. 24.23 КаАП.
Непасрэдна ў дзень затрымання на ягонай старонцы «УКантакце» знайшлі фотаздымкі з бел-чырвона-белымі сцягамі і надпісам «Белорусский протест: цепи без солидарности». Свае віны ён не прызнаў, як піша «Вясна».