Рада беларускай інтэлігенцыі звярнулася да Кіраўнічай Рады ЕГУ



Рада беларускай інтэлігенцыі звярнулася з адкрытым лістом да Кіраўнічай Рады Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта з заклікам абраць рэктарам ЕГУ доктара гістарычных навук, прафесара, дзейнага навукоўцу і выкладчыка Аляксандра Краўцэвіча, які працаваў прарэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

У цяперашні час у Беларусі няма ніводнага універсітэта, дзе выкладанне вялося б на беларускай мове. Так склалася яшчэ з часоў Расійскай імперыі і СССР, дзе універсітэты адыгрывалі ключавую ролю ў адлучэньні беларусаў ад іх роднай мовы. Каб атрымаць вышэйшую адукацыю і забяспечыць сваім дзецям перспектыву ў жыцці, многія бацькі былі вымушаныя аддаваць іх у рускія школы. Такая сітуацыя была штучна створаная, каб надаць беларускай мове імідж неперспектыўнай, «вясковай». Сёння знішчэнне беларускай мовы адбываецца пад ідэалагічнай шырмай «інтэрнацыяналізму» і «братэрства народаў», а тых, хто ў Беларусі спрабуе адстойваць сваё права карыстацца роднай мовай, абвяшчаюць «нацыяналістамі» і падвяргаюць пераследу. Пра сапраўдную сутнасць такога імперскага «інтэрнацыяналізму» можна судзіць па падзеях, што адбываюцца ў цяперашні час ва Украіне, дзе падставай для расійскай агрэсіі паслужыла прыняцце украінскім парламентам закона аб дзяржаўнасці ўкраінскай мовы.

Рэанімацыя крамлёўскімі ідэолагамі дактрыны «рускага свету», абапіраючыся на якую вялі захопніцкія войны яшчэ рускія цары, прадугледжвае, перш за ўсё, далейшую экспансію рускай мовы і абмежаванне карыстання нацыянальнымі мовамі ў краінах, якія ўваходзілі калісьці ў склад Расійскай імперыі. Менавіта таму ў Беларусі, эканоміка якой пастаўлена ў залежнасць ад расійскіх крэдытаў і энерганосьбітаў, мясцовыя ўлады спрыяюць далейшаму пашырэнню сферы рускай мовы і знішчэнню беларускай. Нягледзячы на тое, што, паводле апошняга перапісу насельніцтва, 83% жыхароў краіны назвалі сябе беларусамі, і толькі менш за 8% – рускімі, улады застаюцца глухімі да шматлікіх патрабаванняў беларускіх грамадзян забяспечыць ім магчымасць атрымання адукацыі, у тым ліку універсітэцкай, на беларускай мове.

Вялікія надзеі прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці звязвалі з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, як навучальнай установай, створанай для беларусаў, якія жадаюць атрымаць адукацыю, што грунтуецца на беларускіх і еўрапейскіх культурных і маральных каштоўнасцях. На вялікі жаль трэба прызнаць, што да гэтага часу такія надзеі не спраўдзіліся. У ЕГУ, як і ва ўсіх універсітэтах Беларусі, дамінуючай мовай выкладання з’яўляецца руская. Пры гэтым пагардлівае стаўленне да беларускай мовы ў ЕГУ ні ў якім разе нельга разглядаць як «свабоду выбару». Такая непавага да нацыянальных моваў і традыцый была заўсёды ўласцівая расійскім эмісарам, што дасылаліся ў «нацыянальныя рэспублікі» як у правінцыі імперыі, каб выкараняць там «невуцтва», насаджаючы “асвету” з дапамогай «вялікай і магутнай» рускай мовы. Яркім доказам гэтага з’яўляецца і той факт, што многія выкладчыкі і кіраўнікі ЕГУ, якія займаюцца сваёй прафесіяй не адзін дзясятак гадоў, так і не знайшлі час вывучыць беларускую мову, хоць многія з іх здолелі вывучыць і нават выкладаць па-ангельску, што для рускамоўных нашмат складаней.

Сыходзячы з гэтага, Еўрапейскі гуманітарны універсітэт нельга назваць не толькі беларускім, але і еўрапейскім, бо асветніцкай Еўропе заўсёды была ўласцівая павага і беражлівае стаўленне да нацыянальных моваў і культур.

Мы шчыра ўдзячныя краінам Еўрапейскага Саюза і ЗША за дапамогу і падтрымку дэмакратычнай грамадскасці, якая жадае пераменаў у постсавецкіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Аднак мы глыбока зацікаўленыя ў тым, каб гэтая дапамога выкарыстоўвалася эфектыўна, і ішла на праекты, якія прыносяць рэальную карысць для дасягнення нашых агульных мэтаў. У сувязі з гэтым, наўрад ці можна назваць эфектыўнай навучальную ўстанову, якая працуе на імперскую ідэю пашырэння «рускага свету», навучаючы маладую беларускую эліту на рускай мове.

У Беларусі дастаткова высакакласных навукоўцаў і універсітэцкіх выкладчыкаў, каб забяспечыць функцыянаванне не аднаго, а шматлікіх універсітэтаў еўрапейскага ўзроўню, якія ў стане працаваць на беларускай мове. Гэта не азначае, што ўсе без выключэння лекцыі павінны чытацца ў ЕГУ па – беларуску. Запрошаным лектарам, безумоўна, павінна давацца права выбару мовы. Аднак штатныя выкладчыкі ЕГУ, калі гэты універсітэт падтрымліваецца з мэтай «дапамогі Беларусі», павінны быць у стане выкладаць свае прадметы па-беларуску.

Мы ўпэўненыя, што калі ў ЕГУ будуць прынятыя захады для забеспячэння такога моўнага рэгламенту, гэта не паменшыць колькасць абітурыентаў, а, наадварот, прыцягне ў яго аўдыторыі значна большую колькасць маладых беларусаў, якія жадаюць вучыцца на сваёй роднай мове. Не будзе гэта перашкодай і для грамадзян постсавецкіх краін, якія валодаюць рускай мовай, бо разумець беларускую мову для рускамоўных не складае вялікай цяжкасці.

Галоўнае ў гэтай праблеме – усведамленне асаблівай місіі Універсітэта, у падмурку якога ляжаць беларускія і еўрапейскія гістарычныя і культурныя каштоўнасці. Менавіта таму мы звяртаемся да вас з гэтым лістом напярэдадні прыняцця рашэння аб прызначэнні новага рэктара ЕГУ. Мы просім вас улічыць, што калі, як мы ўжо згадвалі вышэй, ЕГУ падтрымліваецца з мэтай дапамогі Беларусі, на пасаду яго рэктара павінен быць прызначаны чалавек, які ўсведамляе гэтую місію – стварэння першага еўрапейскага універсітэта, дзе мовай выкладання будзе мова тытульнай нацыі нашай краіны. У іншым выпадку гэты праект ні ў якім разе нельга разглядаць як дапамогу Беларусі.

Сярод кандыдатаў на пасаду рэктара ЕГУ ёсць асоба, якая адпавядае неабходным крытэрам. Гэта–доктар гістарычных навук, прафесар, дзейны навукоўца і выкладчык Аляксандр Краўцэвіч, які працаваў прарэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Што да замежных грамадзян і іншых кандыдатаў, то за гады, якія яны прапрацавалі ў ЕГУ, у іх было дастаткова часу, каб засведчыць сваю цікавасць да беларускай праблематыкі. Аднак яны, на жаль, гэтага так і не зрабілі. Таму мы лічым, што, у сувязі з асаблівасцямі беларускай сітуацыі, на пасаду рэктара ЕГУ павінен быць прызначаны не проста вопытны і эфектыўны менеджэр, але чалавек, які ў поўнай меры ўсведамляе місію універсітэта. Прыкладам у гэтым плане можа служыць і былы пасол Швецыі ў Беларусі Штэфан Эрыксан, які, апынуўшыся ў нашай краіне, у кароткія тэрміны выдатна засвоіў беларускую мову і ажыццявіў мноства ўнікальных і каштоўных праектаў па падтрымцы беларускай мовы і культуры. Дарэчы, калі б Штэфан Эрыксан пагадзіўся на пасаду рэктара ЕГУ, гэта была б таксама вельмі ўдалая і перспектыўная кандыдатура.

Яшчэ раз выказваючы сваю глыбокую падзяку за дапамогу і падтрымку беларусаў у іх імкненні да дэмакратычных пераменаў і еўрапейскай інтэграцыі, мы просім уважліва паставіцца да нашага меркавання і ўлічыць яго, прымаючы такое важнае і адказнае рашэнне, як прызначэнне новага рэктара ЕГУ.

Аляксандр Сідзяка, настаўнік

Зміцер Сушчаў, кінематаграфіст

Уладзімір Колас, кінарэжысёр, педагог

Валянцін Голубеў, доктар гістарычных навук, прафесар

Алесь Лозка, старшыня Таварыства беларускай школы

Марат Гаравы, журналіст

Георгій Ліхтаровіч, паэт, фотамастак

Уладзімір Халіп, кінасцэнарыст

Эрнэст Ялугін, пісьменнік

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі

Марачкін Алесь, мастак

Арсень Ліс, літаратар

Аляксей Кароль, журналіст

Алена Анісім, філолаг, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы

Юры Хашчавацкі, кінарэжысёр

Уладзімір Андронаў, кінааператар

Дар’я Зялінская, тэлевядучая

Лявон Баршчэўскі, літаратар, педагог

Радзім Гарэцкі, акадэмік

Уладзімер Содаль, пісьменнік

Наталля Сцяжко, мастацтвазнаўца

Анатоль Вярцінскі, паэт

Генадзь Драздоў, мастак

Сяргей Законнікаў, паэт

Лявон Цімохаў, паэт

Міхал Анемпадыстаў, мастак

Алег Трусаў, гісторык, старшыня Таварыства беларускай мовы

belprauda.org