Рада БНР – «экстрэмісцкае фармаванне»
Гучыць як паведамленне ў сатырычным тэлеграм-канале «Советская Белоруссия». І гэта не жарт – Рада БНР і праўда для лукашэнкаўскіх уладаў ёсць экстрэмістам.
Рада БНР па сутнасці міжнародная грамадская арганізацыя, якая базуецца на прынцыпах і пераемнасці з Беларускай Народнай Рэспублікай, абвешчанай 25 сакавіка 1918 года.
З сайту Рады: «Рада Беларускае Народнае Рэспублікі – найстарэйшая дзеючая беларуская палітычная і дзяржаўная інстытуцыя, захавальнік традыцый беларускага нацыянальнага руху ад пачатку XX стагоддзя».
Дадамо, што Рада БНР яднае восемдзесят сябраў: прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з пятнаццаці краін свету.
Адпаведна гэтыя людзі вельмі актыўна рэпрэзентуюць за мяжой візію Беларусі як свабоднай унутры і дэкаланізаванай звонку краіны.
Чужыя Лукашэнку ідэалы.
З улікам таго, што пазнакі «экстрэмізму» ў лукашэнкаўскай Беларусі раздае КДБ, які ёсць наўпроставым спадкаемцам ЧК і НКУС, можна сабе ўявіць, што сайт і акаўнты ў сацыяльных сетках Рады БНР ёсць варожымі лукашыстам праз антысавецкую агітацыю і прапаганду. Можна яшчэ сцерці архіўны пыл з такога паняцця як «буржуазны нацыяналізм».
Цалкам верагодна, што фактычную ганьбу з экстрэмізацыяй Рады БНР зрабіў які-небудзь малаадукаваны капітан КДБ. Проста пабачыў «Пагоню» на сайце, і ўнёс у чорны спіс.
Але ад 2020 году пры ўладзе актывізаваліся рознага кшталту рускамірцы, для якіх Беларусь можа быць толькі без нацыянальнай самасвядомасці. А беларусацэнтрычная Беларусь бачыцца варожым праектам.
Для такіх Рада БНР хай сабе на сімвалічным узроўні ёсць квінтэсенцыяй беларушчыны як самастойнай Ідэі.
Рада БНР рэпрэзентуе тое, што завецца старой беларускай эміграцыяй. У параўнанні з новаўтворанымі пасля 2020 году дыяспарамі.
Між старымі і новымі ідзе кантакт, найперш культурны. Часта беларусы ўжо за мяжой больш дазнаюцца пра гісторыю Беларусі, пачынаюць часцей ужываць беларускую мову.
Практычнага сэнсу ў церабленні імя Рады БНР вельмі мала. Хіба што гэта спроба абмежаваць кантакты беларусаў у Беларусі з беларусамі замежжа.
Лукашысты і западнарусісты паводзяць сябе так, нібы іх лад узору пасля 2020 году ўсталяваны назаўсёды. Тэрор супраць грамадзянаў, знішчэнне ўсяго нацыянальнага, ператварэнне РПЦ у ідэалагічны аддзел пры партыі ўлады. Русіфікацыя адукацыйнага працэсу праз рытуалы «пабедабесія».
Толькі вось у свеце адбываецца ідэйная дэрусіфікацыя. Чым больш уражваюць злачынствы крамлёўскіх дзеячаў, тым менш камусьці хочацца мець агульнае з Расеяй.
Не здзіўлюся, што хутка Расея, а следаем яе памагатыя, кшталту Лукашэнкі, будуць прызнаныя экстрэмісцкім фармаваннем.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя