Рада „Моладзі БНФ” заклікае спыніць націск на моладзь



Рада моладзевай арганізацыі Партыі БНФ „Моладзь БНФ” заклікае ўлады напярэдадні святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі „спыніць націск на беларускую моладзь”.

„25 сакавіка з’яўляецца датай адраджэння беларускай незалежнасці, і яна павінна стаць адной з галоўных у гісторыі для любой беларускай улады”, — гаворыцца ў распаўсюджанай 21 сакавіка заяве арганізацыі.

„Моладзь БНФ” вітае „пазітыўныя змены ў адносінах да БНР з боку цяперашніх уладаў, але як быў зроблены крок наперад, так быў зроблены і крок на сто гадоў таму”.

У якасці прыкладаў узмацнення націску на моладзь арганізацыя называе распіскі з абавязацельствам не наведваць акцыі 25 сакавіка, прымус іншагародніх навучэнцаў з’ехаць дадому, пагрозы адлічэнняў, а таксама затрыманні беларускіх палітыкаў.

„Калі пагрозы працягнуцца або пачнуцца адлічэнні, то мы вымушаныя будзем звяртацца да міжнародных партнёраў і структур, каб агучыць гэтыя выпадкі і заклікаць прыняць адпаведныя меры”, — падкрэсліваецца ў заяве „Моладзі БНФ”.

„Моладзь БНФ” звяртаецца да ўсіх студэнтаў і школьнікаў з заклікам „не баяцца”. „Толькі калі вы будзеце бясстрашнымі, мы зможам перамагчы гэтую сістэму. У любым выпадку, вы можаце пісаць нам, і мы разам з праваабарончым цэнтрам „Вясна” пастараемся вам дапамагчы, бо толькі агучванне дадзеных фактаў дапаможа спыніць націск. Звярнуцца да нас можна па электроннай пошце ([email protected]), ананімнасць гарантуем”, — гаворыцца ў заяве.

belapan.by