„РАДА” запускае анлайн курс „Інклюзія ў дзеянні”
Анлайн курс пад назвай „Інклюзія ў дзеянні” запускаюць прадстаўнікі Беларускага моладзевага нацыянальнага савета „РАДА”. Анкеты прымаюцца да 8 кастрычніка ўключна.
Старт першых заняткаў – 18 кастрычніка, – распавяла камунікацыйная сакратарка Беларускага нацыянальнага моладзевага савета „РАДА” Кацярына Буніна:
– Запускаем курс „Інклюзія ў дзеянні”, будуем будучыню без бар’ераў. Увогуле здаецца, што пра тэму інклюзіі не так мала размаўляюць, але наш курс нацэлены на тое, каб дакладна зразумець, як гэтае слова, гэтая інклюзія, сапраўды прымяняецца ў вашай працы. Мы з ёй сутыкаемся кожны дзень, гэта пра тое, як мы камунікуем з людзьмі, з якімі працуем, гэта пра тое, як мы плануем афлайнавыя ці анлайнавыя мерапрыемствы.
У часе курса ўдзельнікі будуць вывучаць як будаваць чуллівую і клапатлівую камунікацыю са сваёй аўдыторыяй, як запытваць у аўдыторыі пра яе патрэбы і атрымліваць грунтоўныя адказы, як будаваць сваю дзейнасць такім чынам, каб нікога не выключаць, і чаму гэта карысна для саміх арганізацый і ініцыятыў ды так далей.
Беларускае Радыё Рацыя