Радасны і сумны юбілей Слонімскага раёна



У Слонімскім Цэнтры культуры 16 студзеня адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 75-годдзю Слонімскага раёна. Урачыстасць адкрыў старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі.

Пасля выступлення ён уручыў граматы і падарункі лепшым работнікам Слонімшчыны.

А потым быў вялікі святочны канцэрт.

[Not a valid template]

А цяпер давайце заглянем у гісторыю Слонімскага раёна, пачынаючы з верасня 1939 года, калі на Слонімшчыну прыйшла Чырвоная Армія. Хутка ў Слоніме было створана Часовае ўпраўленне. У вёсках на працягу некалькіх дзён арганізавалі 19 сельскіх камітэтаў, у склад якіх увайшлі мясцовыя актывісты і прадстаўнікі вайсковых частак.

Часовае ўпраўленне і сялянскія камітэты з’яўляліся органамі новай улады на месцах, займаліся ўсімі пытаннямі жыцця насельніцтва Слонімшчыны. Кіраўніком Часовага ўпраўлення быў расеец з Урала Мацвей Колатаў.

15 студзеня 1940 года быў створаны Слонімскі раён, які ўвайшоў у склад Баранавіцкай вобласці. Першым старшынёй Слонімскага райвыканкама ў 1940-41 гадах быў Арон Швайнштэйн.

У кастрычніку 1940 года Слонімскі раён падзялілі на 14 сельсаветаў – Глоўсевіцкі, Жыровіцкі, Касцянёўскі, Міжэвіцкі, Мяльканавіцкі, Азярніцкі, Акунінаўскі, Пятралевіцкі, Парэцкі, Сялявіцкі, Сасноўскі, Трыбушкоўскі, Харашэвіцкі, Шылавіцкі і арганізавалі рабочы пасёлак Альбярцін. Дарэчы, гэта адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне захавалася і ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе.

З прыходам савецкай улады ў Слонім і арганізацыяй раёна былі нацыяналізаваны амаль усе прыватныя прадпрыемствы. Некалькі разоў Ф.Магельніцкі дабіваўся, каб бальшавікі ў 1940 годзе вярнулі яго прыватную каўбасную фабрыку ў Слоніме. Але фабрыку не вярнулі, забралі.

А цяпер давайце паглядзім, што сабой уяўляў стан прамысловасці Слонімскага раёна ў 1940 годзе. Найперш у раёне добра працавала кардонна-папяровая фабрыка “Альбярцін”, якая ў суткі выпускала 15 тон кардону. На фабрыцы тады працавалі 348 чалавек.

У 1940 годзе ў Слоніме дзейнічалі райпрамкамбінат, які аб’ядноўваў 33 прадпрыемствы ў горадзе і на вёсцы. Працаваў завод па выпуску вазоў, ён таксама выпускаў сані, колы. На год такі завод павінен быў выпусціць 3000 саней. Плённа працаваў мэблевы цэх, за год ён планаваў выпусціць 700 сталоў, 600 крэслаў, 6000 табурэтак, 700 шафаў, 500 школьных партаў і г.д.

У Слоніме дзейнічала і цікавае прадпрыемства-цэх карзінапляцення. У планах гэтага цэха было вырабіць 500 дзіцячых калысак, 100 сталоў, 2000 сметніц, 1500 карзін, 500 кветніц.

У Слонімскім раёне працавалі тады тры лесазаводы, дзе пры адным з іх была адкрыта вытворчасць бочак з гадавой магутнасцю 260 тысяч штук.

На Слонімшчыне пачалі дзейнічаць 17 млыноў, якія малолі збожжа сялян не толькі са свайго раёна, але і з суседніх.

У 1940 годзе на Слонімшчыне былі створаны некалькі арцелей. Арцель “Вольная праца” запланавала выпускаць 3 млн. штук цэглы ў год, вапны – 3 тысячы тон, чарапіцы – 150 тысяч штук. Арцель “Хімпраца” пачала выпус­каць гаспадарчае мыла, ваксу, чарніла, сургуч. Чатыры арцелі Лесдрэўхімсаюза наладзілі выпуск тарпатыну, гудрону, драўлянага вугалю і г.д.

Як бачыце, са стварэннем Слонімскага раёна і ўстанаўленнем там савецкай улады прамысловасць па тым часе набірала пэўны размах. Разам з тым у раёне было шмат праблем.  Жыхары Слонімшчыны, як і іншых рэгіёнаў Беларусі, спаўна адчулі на сабе лю­тасць рэпрэсіўнай палітыкі. Са стварэннем Слонімскага раёна пачаліся палітычныя рэпрэсіі ў адносінах да “антысавецкіх, контррэвалюцыйных, нацыяналістычных” і іншых элементаў. Арыштам падвергліся чыноўнікі былой польскай адміністрацыі Слонімшчыны, прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, былыя памешчыкі, кулакі. Вывозіліся ўсе, каго ўлады лічылі “ворагамі”, імі станавіліся нават цяжарныя жанчыны і немаўляты. Многія з іх на Слонімшчыну больш ніколі не вярнуліся…

Таму 75-годдзе Слонімскага раёна – гэта не толькі юбілейнае свята, але і памяць пра тых, хто 75 гадоў таму быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і дамоў ніколі не вярнуўся.

Радасны і сумны юбілей!

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім.

Фота аўтара.