Радаўніца ў чарнобыльскіх вёсках



На Радаўніцу ў адселеныя пасля чарнобыльскай трагедыі вёскі прыязджаюць былыя жыхары з усіх куткоў Беларусі і нават замежжа. Былыя аднавяскоўцы наводзяць парадак у родавых некропалях, узгадваюць мінулае і дзеляцца свежымі навінамі. 

Цяперашняя жыхарка Менска Валянціна Гатальская імкнецца прыязджаць у адселеную вёску Жалезнікі Веткаўскага раёна ў любы час, але з узростам дабірацца на радзіму ўсё складаней.

Валянціна Гатальская:

– З Менска прыехала цягніком, потым на аўтобусе да Свяцілавічаў, а адтуль – пешшу. Ведаеце, на радзіму сваю прыбяжыш нават пехатой. У вёску сваю сэрца цягне, сэрца тут замірае. І калі ад’язджаеш, то доўга потым адыходзіш. Гэта ж радзіма. Прыехала на радзіму, каб адведаць сваіх сваякоў, сыночка, дзядулю, бабулю, усіх, хто тут пахаваны.

А вось брат Валянціны Гатальскай – Міхаіл Гатальскі – застаўся жыць у Жалезніках:

Вёску нашую адсялялі. Але я не паехаў. Я хацеў быць на сваёй зямлі: тут нарадзіўся, тут мяне і пахаваюць. Мне, дзякую Богу, 70 з гакам, а я яшчэ жывы. А хто перасяліўся, то ўжо вось тут, на могілках, ляжыць.

Вёска Жалезнікі Веткаўскага раёна. У адселенай вёсцы аднавілі царкву.

Мянчанка Надзея Дарошчанка прыязджае на могілкі ў адселеную вёску Глыбаўка Веткаўскага раёна кожны год:

– Трэба прыбіраць могілкі. У нас тут увесь род ляжыць. Тут вось дзяды, прадзеды, якіх я нават не памятаю. І сыну свайму паказваю, каб ведаў, дзе дзяды, прадзеды.

Могілкі ў вёсцы Глыбаўка, якая лічыцца населеным пунктам з правам на адсяленне. У вёсцы дагэтуль жывуць каля 8 жанчын і 4 мужчын.

Маладзейшыя прадстаўнікі сям’і Яфрэмавых жывуць у Гомелі. На момант аварыі яны былі школьнікамі. Мясцовую школу ў Новых Грамыках потым зачынілі, а вёску адсялілі:

Тое, што здарылася трагедыя, мы не адчувалі, бо былі дзецьмі. Аднак першы раз пачала разумець, калі заканчвала школу. Бо нас выпуск быў апошнім. Пасля гэтага школу закрылі. Я яе нядаўна на фотаздымках бачыла: яна ўся разбураная. На радзіму цягне. Тут наш род. Я думаю, пад стараць мы ўсе сюды вернемся.

На ўездзе ў вёску Новыя Грамыкі

Радаўніца – адзіны час, калі можна легальна, без пропускаў наведаць зону адчужання. Сёлета патрапіць у адселеныя вёскі можна было з 22 па 25 красавіка. Усяго ў Беларусі з забруджаных тэрыторыяў пасля аварыі на ЧАЭС было эвакуявана каля 138 тысячаў чалавек.

[Not a valid template] 

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Веткаўскі раён

Фота Юліі Сівец