Радыё Рацыя з Вільні ў дні перапахавання паўстанцаў
22 лістапада ў Вільні на могілках Росы адбудзецца перапахаванне паўстанцаў 1863 года, сярод якіх і нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі. Парэшткі паўстанцаў сёлета былі знойдзены ў Вільні на гары Гедыміна.
Гэтую гістарычную падзею будзе асвятляць і нашае радыё. Ужо ў чацвер, 21 лістапада, у нашым этэры прагучыць шэраг матэрыялаў з розных гарадоў Беларусі на тэму: «Адкуль і чаму беларусы збіраюцца ехаць у Вільню?».
22 лістапада, у дзень перапахавання, нашыя журналісты будуць працаваць з месца падзеяў. У гэты дзень можна будзе пачуць рэпартажы і навіны непасрэдна з Вільні. А таксама падзея будзе асвятляцца анлайн на нашым сайце. У кожным выпуску нашых навінаў карэспандэнты будуць паведамляць пра ўсё тое, што пабачаць і пачуюць у Вільні на ўрачыстай цырымоніі перапахавання.
23 лістапада нашае радыё будзе асвятляць усе тыя іншыя мерапрыемствы, якія беларусы падрыхтавалі да гэтай падзеі і правядуць у Вільні.
Сачыце на нашымі матэрыяламі. Калі ў вас не атрымаецца быць у гэтыя дні ў Вільні, то дзякуючы нашаму радыё зможаце сачыць за віленскімі падзеямі амаль у рэальным рэжыме.
Беларускае Радыё Рацыя