Радыёбіёлаг: Дзяржава не выканала сваіх абавязкаў перад грамадзянамі
За 33 гады з моманту тэхнагеннай катастрофы на ЧАЭС дзяржава так і не выканала сваіх абавязкаў перад грамадзянамі.
Так лічыць радыёбіёлаг і старшыня пастаяннага камітэту па чарнобыльскіх пытаннях Вярхоўнага Савету 13 склікання Віктар Хоміч. Навуковец прыводзіць разлікі, з якіх вынікае, што беларуская дзяржава ўхіляецца ад сваіх абавязкаў па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай трагедыі.
– Мы выдаткавалі на мінімізацыю чарнобыльскай катастрофы 20 мільярдаў з хвосцікам даляраў, а разлік быў да 2016 года, на 30 гадоў, – 235 мільярдаў даляраў. Калі існаваў Савецкі Саюз, з 20-ці – 12 мільярдаў даў СССР. Да 1994 года мы яшчэ выдаткавалі 6 мільярдаў, і разам будзе 18. І за ўсе дальнейшыя гады, калі стаў у руля вялікі дзеяч планеты, мы толькі 2 мільярды выдаткавалі.
Выбух на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС адбыўся ў ноч з 25 на 26 красавіка 1986 года. З усіх краін свету Беларусь пацярпела больш за ўсіх – каля траціны тэрыторыі было ў рознай ступені забруджана радыёнуклідамі. На цяперашні момант на пацярпелых ад радыяцыі тэрыторыі пражываюць больш за 1 млн. 100 тыс. чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
