Радзім Гарэцкі: У беларускай геалогіі – кадравая катастрофа!



У Беларусі ўпершыню ў гісторыі айчыннай нафтавай прамысловасці пачалася прамысловая здабыча нафты са сланцавых парод. Аб тым, наколькі гэта значная падзея для краіны, аб праблемах беларускіх геолагаў распавядае беларускі вучоны-геолаг, грамадскі дзеяч Радзім Гарэцкі.

Радзім Гарэцкі: Здабыча нафты са сланцавых парод – гэта безумоўны поспех беларускіх геолагаў і вялікае дасягненне! Новы напрамак, які таксама нейкім чынам павялічыць багацце краіны.

РР: Некаторыя кажуць, што з геалагічнага пункту гледжання наша тэрыторыя не вельмі добра абследаваная. Гэта так?

Радзім Гарэцкі: Адназначна. На жаль, склалася такая сумная сітуацыя, што ў Беларусі геалогію зараз парушылі. Так перарэфармавалі, што не засталося ўжо і геолагаў высокага рангу. Хіба што ў Гомелі лепшы стан нафтавай геалогіі, бо яны змаглі атрымаць лепшае абсталяванне. Там грошы ёсць. А сталіца – бедная, няма ніводнага геалагічнага інстытута. Яго разбурылі. Ёсць навукова-практычны цэнтр па геалогіі пры Міністэрстве па ахове прыродных рэсурсаў, але там зусім мала засталося спецыялістаў. Усё ў вельмі кепскім стане. У Акадэміі навук таксама ёсць толькі невялікая група геолагаў, у асноўным сталага ўзросту.

РР: А дзе ж перспектыўная моладзь?

Радзім Гарэцкі: Перспектыўная моладзь у асноўным не ідзе на такія малыя заробкі. За гэтыя капейкі сям’ю не пракорміш. Малады навуковец лепш пойдзе ў якую-небудзь фірму, якая здабывае ваду, ці паедзе ў Гомель да нафтавікоў. Таму ў нас – проста кадравая катастрофа! А працы да ліха, бо яшчэ столькі неразведаных радовішчаў… Не толькі нафты і газу, але і іншых карысных выкапняў, якія ў нас могуць быць і ёсць. І тут не толькі кадры неабходны, але і грошы, бо свідраванне вельмі дарагое, хоць і акупляецца. Але ж няма грошай – ні на свідраванне, ні на новае абсталяванне. Сітуацыя ў беларускай геалогіі, калі не ніжэй плінтуса, то набліжаецца да гэтага.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара