Радзіма нагадала пра сябе Кастусю Жукоўскаму чарговым пратаколам



На адрас журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага прыйшоў чарговы пратакол аб здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па ч.2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Пікантнасці сітуацыі дадае той факт, што Жукоўскі яшчэ напрыканцы студзеня з’ехаў з Беларусі разам з сям’ёй і папрасіў прытулку ў адной з еўрапейскіх краін. У інтарэсах асабістай бяспекі краіну знаходжання уцякач пакуль не называе.

Пра чарговы пратакол у дачыненні да Жукоўскага паведаміў у сацыяльных сетках гомельскі журналіст Андрэй Толчын, які таксама атрымаў па пошце аналагічны пратакол з Лунінца.

У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння, складзеным 5 лютага, пазначана, што яшчэ 30  кастрычніка 2018 года Андрэй Толчын разам з Канстанцінам Жукоўскім „ажыццявіў інтэрв’юіраванне жыхара горада Лунінца і змясціў матэрыял на тэлеканале «Белсат».

“Падначаленым Шуневіча няма чым заняцца… З Берасцейскай вобласці, з Лунінца вось такое прывітанне… А потым кажуць, што няма ні пераследу, ні спісаў на пераслед. Аднак наяўнасць пратакола „другой свежасці” сведчыць пра іншае… Хіба не так?” – каментуе сітуацыю ў фэйсбуку Андрэй Толчын.

spring96.org