Рака Лясная –тэрыторыя, важная для птушак і людзей



Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” правяла першую сустрэчу для аматараў прыроды з населеных пунктаў, размешчаных на рацэ Лясной. Запрошаныя на семінар людзі ўжо з’яўляюцца, або патэнцыйна могуць стаць удзельнікамі праграмы “Захавальнікі тэрыторый, важных для птушак”, ці добраахвотнымі памочнікамі эколагаў.

IMG_8423_s

Як зазначае прадстаўнік “Аховы птушак Бацькаўшчыны” Вольга Лукшыц, на кожнай такой тэрыторыі, да экалагічнай актыўнасці прыцягваюцца не толькі навукоўцы, але і мясцовыя жыхары.

– Немагчыма нешта захоўваць, калі ёсць нейкі супраціў на месцах. Калі людзі нешта не разумеюць, для чаго гэта, як гэта. Таму вельмі важная інфармацыйная праца з людзьмі, каб знізіць нейкі ўзровень шкоды з іх боку. Ёсць розная актыўнасць, якую звычайныя людзі могуць выконваць на тэрыторыі, – гэта маніторынг птушак, сачыць за пагрозамі.

Чаму рака Лясная стала адной з Тэрыторыяй, важнай для птушак, тлумачыць каардынатар захавальнікаў ракі Вадзім Пракапчук:

– Менавіта тут робяць першы свой прыпынак усе птушкі, якія мігруюць з Заходняй Еўропы. Тут могуць спыняцца ад некалькіх дзён, да тыдняў, тут адпачываць, назапашваць тлушч. Насамрэч гэта вельмі важна для птушак, таму гэтая тэрыторыя і была заснаваная.

На сёння ў Беларусі налічваецца 51 Тэрыторыя, важная для птушак. Каб адпавядаць гэтаму статусу, тэрыторыя мусіць масава прывабліваць птушак для размнажэння, зімоўкі ці для адпачынку падчас міграцыі. Усяго ў свеце зарэгістравана больш за 12 тысяч такіх тэрыторый. У праграме ўдзельнічае 200 краін.

[Not a valid template]

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі