Раман Кісляк: Б’юць па тых, хто ў самым цэнтры
“Б’юць па тых, хто знаходзіцца ў самым цэнтры падзей”. Праваабаронца Раман Кісляк звяртае ўвагу на далейшы пераслед тых, хто выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Улады і сілавыя структуры аказваюць ціск як на саміх актывістаў, так і на іх сваякоў і працадаўцаў.
Як кажа праваабаронца, вакол будаўніцтва ўтварылася новае кола пераследу:
– Блогераў, журналістаў, актывістаў, іх затрымліваюць, іх пераслудуюць. У Сяргея Пятрухіна ўжо двойчы канфіскоўвалі тэлефон, камп“ютар. Безумоўна гэта ўсё звязана з яго пазіцыяй. Б’юць па тых, хто ў самым цэнтры, самых ключавых гульцоў.
Будаўніцтва акумулятарнага завода вядзецца ў Свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”, ім займаецца кампанія “АйПаўэр”. Улады запэўніваюць у тым, што ў выніку працы завода выкіды свінцу не павінны перавысіць 3,5 кілаграм за год, і што пры належнай экспуатацыі завод не будзе наносіць экалагічнага ўрону. Аднак многія жыхары Берасця і рэгіёну не вераць у такія запэўніванні і непакояцца, што завод нашкодзіць здароўю людзей і навакольнаму асяроддзю.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя