Раман Кісляк: Cябрам КР можа пагражаць экстрадыцыя
Беларускі праваабаронца, сябра Каардынацыйнай Рады Раман Кісляк лічыць, што наступным крокам беларускіх уладаў можа быць патрабаванне экстрадыцыі сябраў Каардынацыйнай Рады:
– Мы мяркуем, што наступным крокам уладаў Беларусі будзе запыт на экстрадыцыю. Незалежна ад таго ці зможа Грузія ці нейкая іншая краіна выдаваць. Відавочна, што гэты самы запыт на экстрадыцыю ўключыць працэдуру разгляду гэтага пытання. Мы да гэтага рыхтуемся, відавочна, што будзе судовае разбіральніцтва, у дадзеным выпадку ў Грузіі.
Праваабаронца мяркуе, што так званыя „лісты пра экстрадыцыю” могуць быць накіраваныя ў розныя краіны свету:
– Я хачу папярэдзіць іншых сваіх калег па Каардынацыйнай Радзе пра тое, што дзе б яны не знаходзіліся, таксама можа быць накіраваныя запыты. Трэба быць акуратнымі з паездкамі ў краіны не Еўрапейскага Звязу, Злучаныя Штаты Амерыкі, Канаду. Якія не прытрымліваюцца жорсткіх стандартаў абароны правоў чалавека. Трэба быць вельмі асцярожным, бо гэты запыт можа накіроўвацца ў розныя краіны.
Праваабаронца Раман Кісляк ужо больш за два гады жыве ў Грузіі, аднак на мінулым тыдні ў берасцейскім доме, дзе ён жыў да эміграцыі, адбыўся ператрус у межах заведзенай крымінальнай справы на сябраў Каардынацыйнай Рады. Агулам ператрусы адбыліся амаль у 200 сябраў Каардынацыйнай Рады.
Беларускае Радыё Рацыя