Раман Кісляк: Гэтымі выклікамі ў міліцыю ўлада запужвае людзей



Справа будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. У міліцыю напярэдадні выклікалі найменш пяць чалавек, якіх апыталі з нагоды іх выхаду на плошчу Леніна. Пра гэта распавёў праваабаронца Раман Кісляк, які таксама быў выкліканы на допыт:

– Мяне выклікалі разам з гэтымі людзьмі. На працягу трох гадзін людзей апытвалі адносна знаходжання на плошчы Леніна 25 сакавіка і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ніякіх пагроз не было, яны паводзілі сябе выключна тактоўна і карэктна, ведаючы, што іх могуць пісаць на аўдыё, відэа, яны вельмі гэтага засцерагаюцца.

Як лічыць Раман Кісляк, мэта падобных выклікаў – запужаць праціўнікаў будаўніцтва патэнцыйна небяспечнай вытворчасці:

– Калі да людзей ў 21 ці 21.30 прыязджае міліцыя, і не тлумачыць, для чаго іх выклікаюць, безумоўна, людзей гэта вельмі напружвае. Пужае не толькі тых, каго выклікаюць, але і тых, хто аб гэтым даведваецца. Безумоўна, атмасферу страха гэта фарміруе, і думаю, што гэта іх асноўная задача. З іншага боку, людзі азлабляюцца з-за такой рэакцыі міліцыі.

Па словах Рамана Кісляка, з людзей розных палітычных поглядаў, праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода “АйПауэр”, фактычна фармуецца новая рэгіянальная апазіцыя.

Нагадаем, кампанія супраць з’яўлення ў свабоднай эканамічнай зоне “Брэст” акумулятарнага завода працягваецца з пачатку году. Сярод мясцовых жыхароў сабрана амаль 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва вытворчасці, якія перададзеныя ў Адміністрацыю Лукашэнкі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя