Раман Кісляк: Голас дыяспар павінен быць пачуты



У Каардынацыйнай Радзе, у якую вылучана больш за 100 прадстаўнікоў розных арганізацый, будзе працоўная група па беларускіх дыяспарах, якія раскіданыя па ўсім свеце.

Пра стварэнне такой групы распавядае прадстаўнік «Беларускай дыяспары ў Аджарыі» Раман Кісляк:

– Мы ўжо сфармавалі такую рабочую групу прадстаўнікоў розных дыяспар. Марым, каб голас дыяспар быў пачуты, і голас у тым ліку тых беларусаў, якія вымушана і не па добрай волі знаходзяцца тут, у Аджарыі, Грузіі. Таму мы скаардынуемся з прадстаўнікамі дыяспар з іншых краін і рэгіёнаў.

Раман канстатуе, што сярод прадстаўнікоў дыяспар будуць прадстаўлены беларусы з розных кропак свету:

У Каардынацыйнай радзе такое значнае прадстаўніцтва. Я вельмі рады гэтаму. Ёсць з Германіі, ёсць з Вялікабрытаніі, Шатландыі, ЗША, Польшчы, з розных месцаў, з Эстоніі. Дастаткова шмат месцаў, дзе беларусы ўжо кампактна жывуць, дзе яны арганізуюцца ў дыяспары. Не проста раствораныя як нацыянальная меншасць, а працуюць на ўзаемадапамогу адзін аднаму, як унутры, так і з тымі, хто ў другіх краінах.

Праваабаронца Раман Кісляк быў вымушаны пакінуць Беларусь у 2021 годзе, і пасля пераезду ў Грузію  ён быў адным з кіраўнікоў і стваральнікаў арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі».

Беларускае Радыё Рацыя