Раман Кісляк: Лічу, што пракуратура не павінна запалохваць грамадзянаў
На сайце Берасцейскага райвыканкама з’явілася тлумачэнне раённай пракуратуры аб недапушчальнасці парушэння парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Тлумачэнне было апублікавана ў сувязі з “заклікамі да ўдзелу ў сходах, звязаных з абмеркаваннем экалагічнай сітуацыі ў раёне”, у прыватнасці з будаўніцтвам пад Берасцем акумулятарнага завода. Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк адрэагаваў на гэтае паведамленне:
– Мне давялося напісаць генеральнаму пракурору пра тое, што гэтая сустрэча мусіла быць як раз сустрэчай з журналістамі. Жыхары мелі намер сустрэцца з журналістамі, расказаць пра сваю пазіцыю адносна акумулятарнага завода, пра тое, што яны супраць, і пра сваю асцярогу адносна экалагічнай сітуацыі. І я лічу, што пракуратура не павінна такім чынам запалохваць грамадзянаў.
На тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”, вядзецца будаўніцтва акумулятарнага завода. Жыхары прылеглых вёсак і актывісты супрацьстаяць будаўніцтву, бо бачаць у ім небяспеку для экалагічнай абстаноўкі рэгіёна.
Беларускае Радыё Рацыя