Раман Кісляк: Наша мэта – закрыццё акумулятарнага завода
Не заводу АКБ. У самы бліжэйшы час берасцейцы могуць дамагчыся закрыцця акумулятарнага завода. У гэтым перакананы праваабаронца Раман Кісляк.
Ён упэўнены, што менавіта такімі павінны стаць вынікі амаль двухгадовага змагання супраць з’яўлення шкоднай вытворчасці каля Берасця.
– Самае эфектыўнае гэта тое, што людзі працягваюць выходзіць на плошчу, людзі выказваюць свой пратэст, людзі звяртаюцца ў дзяржаўныя органы, патрабуюць закрыцця завода. Таксама быў удзел у выбарчай кампаніі. На мой погляд, адметная падзея, нягледзячы на тое, што нам адмовілі ў рэгістрацыі, толькі аднаго кандыдата зарэгістравалі, але потым і яго пазбавілі рэгістрацыі. Тым не менш гэтая кампанія была прыкметная, і я думаю, яна таксама набліжае нас да перамогі.
Паводле Кісляка, сёлета атрымалася сфармаваць грамадскую супольнасць, якая ведае, што такое змаганне за свае экалагічныя правы. Ён мяркуе, што ў наступным годзе колькасць пратэстоўцаў можа толькі павялічыцца.
Нагадаем, што грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. Штонядзелю пратэстоўцы збіраюцца на плошчы Леніна ў цэнтры Берасця.
Беларускае Радыё Рацыя