Раман Кісляк: Міліцыя спрабуе выгарадзіць сваіх супрацоўнікаў
Улады проста баяцца тых паказанняў, які можа даць сведка па справе Генадзя Шутава, менавіта таму змянілі артыкул, і цяпер ён праходзіць па справе як падазраваны. Следства афіцыйна скончанае, бакі знаёмяцца з матэрыяламі справы. Пра гэта распавёў берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.
Інфармацыя была атрыманая ад родных Аляксандра Кардзюкова. Мужчыне інкрымінуецца замах на забойства, і можа ў якасці пакарання нават быць прыменены расстрэл, – распавёў эксперт у галіне права:
– Яму зараз абвешчана абвінавачванне. Гэта цяжкае абвінавачванне па артыкуле 139 частка 2 (замах на забойства). Я так разумею, што яго абвінавачваюць у тым, што яны ўдвух напалі на супрацоўніка міліцыі. Вось такім чынам міліцыя спрабуе выгарадзіць сваіх супрацоўнікаў, каб самім не несці адказнасць за тое, што загінуў Генадзь.
Жыхар Берасця Генадзь Шутаў памёр 19 верасня. Мужчына быў забіты стрэлам у патыліцу 11 жніўня ў абласным цэнтры ў часе масавых паслявыбарчых пратэстаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце