Раман Юргель: Адбываецца запалохванне ад малога да старога



У Беларусі працягваецца прававы дэфолт. Права і законы не дзейнічаюць у галіне свабоды слова, свабоды выказванняў, перакананняў, права выбару. Многія балючыя тэмы ў жыцці беларусаў даводзіцца разбіраць не толькі журналістам, але і праваабаронцам, якія часта – апошняя надзея для многіх безнадзейных справаў нашых суайчыннікаў.

Пра працу праваабаронцаў і праваабарончай арганізацыі ў Гародні з госцем Радыё Рацыя Раманам Юргелем гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.

РР.: Вядома, што сёння журналісты і праваабаронцы на пярэднім плане грамадска-палітычных працэсаў у Беларусі. Як вы разглядаеце сёння сваю праваабарончую дзейнасць і наколькі яна важная для вас?

– І праваабаронцы, і журналісты на пярэднім плане барацьбы па станаўленні справядлівасці. Таму што мы за 26 гадоў, на жаль, прыйшлі да такога прававога дэфолту, да такіх падзей пасля прэзідэнцкіх выбараў, пасля 9 жніўня, калі АМАПам была ўжытая непрапарцыянальная сіла супраць мірных пратэстоўцаў не толькі ў Менску, але і ў абласных гарадах, у раённых, у невялікіх мястэчках. Калі пачалі ўсіх па артыкуле 23.34 КаАП штрафаваць і садзіць на суткі, а потым пачалі яшчэ ўзбуджаць крымінальныя справы па крымінальных артыкулах і 342, і 364. То бок людзі нясуць двойчы пакаранне за адно і тое ж парушэнне.

РР: Якія ў вас адчуванні? Я так разумею, што запалохванні даволі моцныя, як у дачыненні журналістаў, так і дзейнасць незалежных праваабаронцаў знаходзіцца ў небяспецы.

– Заўсёды знаходзіцца ў небяспецы, таму што падчас выбараў, падчас галасавання раней заўсёды іх прэвентыўна затрымлівалі, прафілактычна афармлялі адміністрацыйныя пратаколы і саджалі на суткі. А зараз гэтая абстаноўка яшчэ больш гняце, і, канешне, настрою ніякага няма. Нічога станоўчага няма за гэтыя паўгода, калі адбываецца запалохванне ўсіх грамадзянаў любога ўзросту, любога сацыяльнага статусу, любой адукацыі. Ад малога да сталага ўзросту.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя